​​У Брэсце за «ўдзел у масавых беспарадках» судзяць адразу сем чалавек

Ім пагражае да васьмі гадоў калоніі.

11.09.2024 / 12:39

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 11 верасня распачаўся масавы суд паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Па справе праходзяць адразу сем чалавек: Сяргей Філімонаў, Ігар Варановіч, Аляксандр Штык, Уладзіслаў Піскуновіч, Віталь Гіра, Яўген Мельнічук, Дзмітрый Поснікаў.

Ім пагражае да васьмі гадоў калоніі. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020-м годзе, піша «Вясна».

Раней па гэтым артыкуле ў Брэсце асудзілі ажно 70 чалавек, цяпер берасцейцаў судзяць паводле арт. 342 КК. 

Пра затрыманне некаторых з іх паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Так, 25 сакавіка апублікавалі відэа затрымання Ігара Варановіча — у кватэру да яго прыйшлі як мінімум пяцёра сілавікоў са зброяй, у бронекамізэльках і шлемах. Мужчыну ў адной бялізне павалілі на падлогу.

На «пакаяльным відэа» ад 4 красавіка Яўген Мельнічук «прызнаўся» ў тым, што падчас акцыі «махаў рукой» натоўпу, кажучы «атачайце АМАП», і кідаў камяні.

Працэс вядзе суддзя Яўген Брэган, на рахунку якога мінімум 24 асуджаных паводле палітычных матываў.

Nashaniva.com