У Мінску адчуваецца пах гару, а неба зацягнута смугой

У прэс-службе Мінскага аддзялення МНС паведамілі, што ў сталіцы ўсё спакойна — ніякіх пажараў і іншых надзвычайных сітуацый не фіксуецца, піша smartpress.by.

11.09.2024 / 14:18

«Пах і дым могуць быць звязаныя з пажаранебяспечнымі ўмовамі надвор'я ў лясах і на балотах краіны, — адзначыла прэс-сакратар Вольга Мельчанка. — Гэта можа быць і інверсія пасля патушаных лясных пажараў — калі цёплыя масы паветра не паднімаюцца ў верхнія пласты паветра, а застаюцца ўнізе і ветрам разносяцца па тэрыторыі». 

Прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі таксама пацвердзіў, што ў дадзены момант у сталіцы і паблізу Мінска нічога не тушаць, а смурод і смуга могуць ісці ад палаючых ці ўжо патушаных лясоў і балот.

Раніцай Мінлясгас паведамляў, што ўсю ноч лесаахова змагалася з пажарам у Крупскім раёне Мінскай вобласці. Там гарыць балота і лес. На ліквідацыі задзейнічана больш за 150 работнікаў лясгасаў.

Таксама некалькі дзён леснікі тушылі пажар у Палескім лясгасе — на тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння «Альманскія балоты».

Nashaniva.com