Помнік на магіле мастачкі Алены Кіш імкліва разбураецца
Скульптурная кампазіцыя «Дзяўчына ў чоўне», усталяваная на магіле мастачкі ў вёсцы Папоўцы Капыльскага раёна, знаходзіцца ў аварыйным стане. Каб захаваць адметны мастацкі помнік, патрэбны тэрміновыя рэстаўрацыйныя працы, піша «Будзьма».
11.09.2024 / 14:45
Скульптурная кампазіцыя «Дзяўчына ў чоўне» — дыпломная праца мастака Уладзіміра Ламейкі. Яна была ўсталяваная ў 1996 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння мастачкі.
Помнік на магіле Алены Кіш, верасень 2024 г.
Кампазіцыя складаецца з пастамента ў выглядзе рачных хваляў, уласна чоўна, і сімвалічнай фігуры дзяўчыны, што ляжыць у ім. Надгробак быў размаляваны ў традыцыйных колерах дываноў таленавітай мастачкі.
Калаж: як выглядаў помнік раней і як выглядае ў верасні 2024 года
Цяпер яго стан аварыйны — фарба амаль знікла, а сам помнік пашкодзілі вільгаць і маразы — скразная расколіна ідзе праз увесь корпус. Яшчэ колькі халодных сезонаў — і ў сённяшнім выглядзе ён будзе незваротна страчаны.
Трэшчына на помніку на магіле Алены Кіш, верасень 2024 г.
Да новых «круглых» датаў, калі дзяржава, магчыма, узгадае мастачку, помнік не датрывае, і толькі аператыўныя рэстаўрацыйныя працы дазволяць захаваць адметнае надмагілле.