Трамп на дэбатах з Харыс заявіў, што мігранты ядуць катоў і сабак амерыканцаў. Адкуль узяўся гэты мем?
Экс-прэзідэнт ЗША зноў узарваў твітар чарговым скандальным выказваннем. Вядучаму дэбатаў давялося абвяргаць словы Трампа ў жывым эфіры.
11.09.2024 / 19:18
Скрыншот відэа
Адным з вірусных момантаў дэбатаў паміж кандыдатамі ў прэзідэнты ЗША Дональдам Трампам і Камалай Харыс стала выказванне экс-прэзідэнта пра мігрантаў.
Калі вядучы закрануў тэму нелегальнай міграцыі, Трамп раптам пачаў расказваць пра тое, што ў горадзе Спрынгфілд у штаце Агаё мігранты ядуць катоў і сабак мясцовых жыхароў.
«У Спрынгфілдзе яны ядуць сабак — людзі, якія прыехалі, яны ядуць катоў. Яны ядуць хатніх жывёл людзей, якія там жывуць, і гэта тое, што адбываецца ў нашай краіне, і гэта ганьба», — заявіў Трамп. Ягоная апанентка на гэтых словах засмяялася.
Тэлеканал ABC аператыўна праверыў гэтае выказванне, і Дэвід Мюір у жывым эфіры адказаў Трампу. Паводле яго слоў, мэрыя Спрынгфілда абвергла гэтую інфармацыю: паведамленняў пра тое, што мігранты ядуць сабак і катоў ці ўвогуле шкодзяць хатнім жывёлам, у паліцыю не паступала.
Тым не менш, сцвярджэнне Трампа імгненна завірусілася ў сацсетках. У сацсетцы X (былы твітар) з'явіліся дзясяткі тысяч пастоў з хэштэгамі «Спрынгфілд» і «Яны ядуць сабак». Прыхільнікі Трампа сталі публікаваць мемы з сабакамі і катамі, якія трымаюць плакаты з надпісамі «Галасуй за Трампа, выратуй нас!», «Жыцці катоў важныя», «Нас з'елі гаіцяне». На іншых малюнках, згенераваных нейрасеткамі, Трамп ратуе качак (часам больш падобных да гусей) і катоў ад натоўпу мігрантаў.
Але адкуль наогул узяўся гэты мем? Насамрэч абмяркоўваць гэтую тэму ў інтэрнэце пачалі яшчэ да дэбатаў. У канцы жніўня ў сеціве завірусілася відэа выступлення жыхара Спрынгфілда на пасяджэнні гарадской рады. Ён паскардзіўся на мігрантаў з Гаіці, якія, паводле ягоных слоў, палююць на качак у гарадскім парку і ядуць іх.
У закрытай гарадской суполцы ў фэйсбуку з'явілася яшчэ адна гісторыя. Аўтар паста расказаў, што сяброўка дачкі ягонага суседа нібыта згубіла ката, а праз некаторы час знайшла яго, калі ён вісеў на дрэве каля дома імігрантаў з Гаіці.
Скрыншоты паста былі падхопленыя трампістамі і разляцеліся па сеціве. Тэму развіў і кандыдат Трампа ў віцэ-прэзідэнты Джэй Дзі Вэнс.
«Некалькі месяцаў таму я падняў пытанне адносна таго, што нелегальныя імігранты з Гаіці вычэрпваюць сацыяльныя службы і ў цэлым выклікаюць хаос па ўсім Спрынгфілдзе. Цяпер прыходзяць паведамленні, што людзі, якія не павінны быць у нашай краіне, ядуць катоў і сабак мясцовых жыхароў. Дзе нашая ўпаўнаважаная па мяжы», — напісаў напарнік Трампа ў сацсетцы X. Ягоны пост сабраў больш за 11 мільёнаў праглядаў.
Пасля Вэнс дадаў, што яму паступае ўсё больш падобных паведамленняў, хоць яны і могуць быць хлуслівымі.
Менавіта тады здарылася і першая хваля мемаў пра тое, як Трамп ратуе катоў і сабак. Не застаўся ў баку Ілан Маск: ён запосціў карцінку з качкай і кацянём і напісаў «Ратуйце іх». Вядомы сенатар-рэспубліканец Тэд Круз апублікаваў мем з катамі, якія абдымаюцца, і подпісам «Калі ласка, галасуйце за Трампа, і тады гаіцянскія імігранты нас не з'ядуць», забяспечыўшы карцінку ўсмешлівымі смайлікамі.
Трамп ухапіўся за гэтую тэорыю змовы і вырашыў выкарыстаць яе на дэбатах. Аднак пацверджаных выпадкаў знікнення хатніх жывёл у Спрынгфілдзе няма.
Яшчэ ў аўторак мэр горада Роберт Ру расказаў, што ніводнага паведамлення пра тое, што мігранты ядуць хатніх жывёл, не паступала. А адзінае відэа з падобным эпізодам, якое таксама распаўсюджвалі правыя блогеры, было знятае ў іншым горадзе ў Агаё — там за жорсткае абыходжанне з жывёламі затрымалі жанчыну, у якой няма ніякіх сувязяў з Гаіці.
Абверглі інфармацыю Трампа ў паліцыі Спрынгфілда: там заявілі, што «не было ніякіх даставерных паведамленняў або канкрэтных заяў пра тое, што хатнія жывёлы падвяргаліся гвалту, траўмам або жорсткаму абыходжанню з боку асоб з ліку імігрантаў».
У Спрынгфілдзе з насельніцтвам амаль 58 тысяч чалавек апошнім часам сапраўды назіраецца прыток мігрантаў з Гаіці. Усяго ў акрузе Кларк знаходзяцца каля 12-15 тысяч мігрантаў, 10 тысяч з іх з Гаіці. Пры гэтым прадстаўнік гарадской адміністрацыі запэўнівае, што мігранты не парушаюць законы. Паводле ягоных слоў, яны нават не смецяць, не кажучы ўжо пра больш цяжкія злачынствы.
Апытанне: Харыс выйграла тэледэбаты з Трампам
Дэбаты Трампа і Харыс. Галоўнае
Трамп назваў дэбаты з Харыс найлепшымі ў сваёй кар'еры
Тэйлар Свіфт абвясціла, каго падтрымае на амерыканскіх прэзідэнцкіх выбарах
Харыс: Пуцін з'еў бы Трампа на абед