У Камянецкім раёне стварылі ферму з гадаванцамі, мяса якіх спажываюць у дарагіх рэстаранах
Незвычайны бізнэс у вёсцы Камароўшчына Камянецкага раёна распачала маладая сям'я Абламскіх, а гадаванцы на іхняй ферме не каровы, свінні ці якія птушкі, а малюскі, піша партал Kamenec.by.
11.09.2024 / 20:45
Пры згадцы пра слімакоў перш за ўсё ўяўляюцца вінаградныя — іх хапае ў садах і агародах. Аляксандр Абламскі ўдакладняе, што іхняя афіцыйная назва — памація, і яны таксама ядомыя, хоць іх трэба правільна гатаваць, падаваць з правільным соусам, ды і ў дыяметры яны павінны быць не меншыя за 2,6 см.
Аднак жа калі гэтыя «беспрытульнікі» кормяцца каля сажалкі з застаялай вадой ці каля сметніка і да т. п., то пазбавіцца ад непрыемнага паху мяса немагчыма ніякімі прыправамі. На ферме ж адмыслова гадуюцца іншыя слімакі, родам не з нашых мясцін, а міжземнаморскія.
Аляксандр са сваёй сям'ёй пасяліўся на дзядоўскай сядзібе ў Камароўшчыне, дзе стаяла яшчэ даваенная хатка і дзе прайшло яго дзяцінства. Сюды ён пасля прыязджаў з бацькамі з Каменца. Калі ж хата апусцела, то сядзіба не перастала быць месцам прыцягнення. І паступова ўмелымі рукамі маладога гаспадара мянялася.
Сёння на месцы старой хаты — сучасны асабняк, дагледжаны двор з невялікім стаўком і лабірынтам сцежак, адна з якіх вядзе да незвычайнага гаспадарчага ўчастка памерам шэсць сотак — слімаковай фермы.
Гэтай ферме на ўскраіне вёскі ўжо тры гады. Малады гаспадар зацікавіўся гэтымі малюскамі, калі прадэгуставаў хатнюю страву з іх мяса. Распытаў заводчыкаў слімакоў больш падрабязна, а на многія пытанні атрымаў адказы ад Гугла. Тады вырашыў паспрабаваць сябе ў новай справе, а жонка падтрымала. Спачатку былі кароткія платныя курсы на слімаковай ферме ў Брэсцкім раёне, пасля — купля 50 кг першых малюскаў.
Увогуле ж Аляксандр вывучаў біярытмы, звычкі, густы бруханогіх перадусім на практыцы.
Летнія «карпусы» фермы — дашчаныя шчыты на падпорах, якія ствараюць цень. А вось восенню ўсе насельнікі фермы будуць сабраныя, адкалібраваныя па вазе (частка іх будзе адбракаваная як няздольная перанесці зімоўку) і змешчаныя ў халадзільнік, дзе пры тэмпературы +5 малюскі западуць у анабіёз.
Драўляныя шчыты на зіму будуць прыбраныя з участка, які перааруць. А вясной тут пасеюць улюбёную слімакамі траву перка — гібрыд рапсу і пекінскай капусты — і зноў расставяць шчыты. Слімакоў абудзяць, прыкметна падвысіўшы ім тэмпературу і вільготнасць, пасля чаго зноў пасартуюць — на матачнае пагалоўе і на кулінарныя мэты.
Дарэчы, таварная вага гэтых малюскаў ад 10 да 20 грамаў і, у адрозненне ад нашага вінаграднага слімака, які расце два гады, міжземнаморскі набірае таварныя параметры за год.
Сваю траву ён з'ядае даволі хутка, і тады кормяць малюскаў максімальна здробненым спецыяльным камбікормам, які гаспадар робіць сам з агароднінных адкідаў.
У спёку слімакі спяць, прымацаваўшыся да шчытоў, а ўвечары тут уключаецца аўтапаліў (паліваць малюскаў трэба абавязкова), пасля чаго слімакі шпацыруюць, пасуцца і спарваюцца (яны — гермафрадыты).
Каб слімакі не разбегліся па ўсёй сядзібе і за яе межы, ферма, на якой утрымліваецца больш за 120 тысяч малюскаў, абнесеная спецыяльнай сеткай са зваротнымі кішэнямі, якія не дазваляюць пераадолець вышыню.
«Частка гэтага ўчастка занятая малькамі цяперашняга сезону, што вырашчаныя з матачнага статка — з ікры, у інкубацыі, падобна куранятам. Яны падраслі, праз месяц іх збяром, адкалібруем, закладзем на матачны статак, на дагадоўванне, на кулінарныя мэты. Слімачыная нага павінна дастаткова вырасці, пра што скажа яе цвёрдая падэшва. Самых маленькіх недаросткаў не збіраем — яны не змогуць перажыць зімоўку.
А вось гэты слімак цяжарны, — нечакана кажа Аляксандр. — Мантыя ўжо не ўлазіць у панцыр, хутка адкладзе кладку яек. Але для гэтага ім патрэбная кіслая глеба, таму змяшчаем такія асобіны ў збанкі з тарфяной зямлёй. Ікру яны могуць закладаць двойчы за сезон, але калі гэта бліжэй да восені, то такія малькі не паспяваюць адужаць».
На ферме Абламскіх міжземнаморскія слімакі двух відаў — хелікс асперса максіма і мюлер. Іх складана ўспрымаць як ежу, модную закуску з высокім утрыманнем бялку. Культура ўжывання ў ежу слімакоў у нас пакуль у стадыі папулярызацыі, і многія ўпершыню спрабуюць іх толькі з цікаўнасці, у тым ліку і на гэтай сядзібе.
Стравы са слімакоў Аляксандр гатуе ўжо віртуозна, асабліва эскарга пад розным соусам. У планах — засвоіць сырны дэсертны і тамаджа востры. Прадэгуставаць іх тут могуць усе ахвотныя, тым больш што Аляксандр у статусе індывідуальнага прадпрымальніка нядаўна стаў экскурсаводам на сваім падворку для дарослых гасцей і для дзяцей.
«Прыгатаваць страву са слімакоў — справа не зусім простая, — расказвае гаспадар. — На эскарга ідзе не менш за дзве гадзіны, і першы крок — тэрмічная апрацоўка асобна панцыраў і слімачынага мяса, падрыхтоўка правільнай падліўкі з выкарыстаннем дэсертнага віна, заліванне гэтым соусам здробненага мяса ў самым панцыры. Гэтыя стравы сёння падаюць у дарагіх рэстаранах — усё яшчэ на наша здзіўленне».
Навуковец раіць саджаць на лецішчы лаванду і разводзіць паўлінаў. Навошта?
Гісторыя топ-менеджара, які кінуў пасаду ў ЕС і з'ехаў у беларускую правінцыю вырошчваць слімакоў