Прадстаўніка гомельскага праўладнага прафсаюза судзілі за распаўсюд экстрэмізму

Учора ў судзе Добрушскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да Мікалая Талейкі.

12.09.2024 / 10:11

У віну Мікалаю ставілі распаўсюд экстрэмізму (ч. 2 арт 19.11 КаАП). Судовы працэс праводзіў суддзя Алег Васюкоў. Вынік пасяджэння высвятляецца, піша «Вясна».

Мікалай Талейка — галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва. Гэты прафсаюз уваходзіць у практычна дзяржаўную Федэрацыю прафсаюзаў, піша «Гомельская Вясна».

Гэта ўжо другі кіраўнік праўладнага прафсаюза, якога прыцягваюць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У снежні 2023 году паводле ч. 2 арт 19.11 КаАП судзілі Таццяну Хацкову — старшыню Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Яе тады арыштавалі на 15 сутак і потым звольнілі з пасады.

У Беларусі распаўсюдам экстрэмізму лічыцца любая спасылка на незалежныя, аб'ектыўныя рэсурсы, якія ўлады абвяшчаюць экстрэмісцкімі. 

Nashaniva.com