«Ці не зашмат вы на сябе ўзялі?» Ціханоўская адказала на вострыя пытанні пра статус Нацыянальнай лідаркі
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» Каардынацыйная рада, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Офіс Святланы Ціханоўскай падпісалі пратакол узаемадзеяння. Там быў замацаваны статус Нацыянальнай лідаркі, што выклікала бурныя абмеркаванні. Святлана Ціханоўская выбрала самыя вострыя і распаўсюджаныя пытанні і дала на іх адказы.
12.09.2024 / 12:55
Святлана Ціханоўская. Фота: офіс палітыка
Ваш статус у дакументах пазначаны як «Нацыянальная лідарка»? Ці не занадта шмат вы на сябе ўзялі?
Я стала лідаркай, бо беларусы прагаласавалі за мяне і маю праграму ў 2020 годзе. Пасля абрання я абяцала правесці новыя сумленныя выбары прэзідэнта краіны. Беларусы мяне падтрымалі, аднак былы прэзідэнт, які страціў паўнамоцтвы, не прызнаў волю выбаршчыкаў — і за кошт сілавога ўмяшальніцтва ды гвалту захапіў уладу насуперак волі людзей.
Мой абавязак — выканаць абяцанні і дамагчыся свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі. Я не буду браць у іх удзел, а пасля заканчэння кампаніі павіншую пераможцу і перадам яму лідарскія функцыі.
Вас падтрымала большасць? Нешта я не памятаю інаўгурацыі!
Маёй мэтай ніколі не была ўлада — выключна выкананне свайго абяцання. Тое, што за мяне на выбарах прагаласавала большасць, ведаюць усе — нават Лукашэнка. У іншым выпадку сваю незаконную інаўгурацыю ён не праводзіў бы таемна — «запрошаныя» на цырымонію людзі нават не ведалі, куды і навошта яны едуць.
На падставе даных платформы «Голас», а таксама аналізу даступных пратаколаў выбарчых камісій, атрымалася выявіць фальсіфікацыі і з высокай верагоднасцю спрагназаваць сапраўдныя вынікі.
Мяне падтрымалі мільёны беларусаў, аднак пасля выбараў мяне фактычна дэпартавалі з Беларусі ў Літву. Праводзіць інаўгурацыю ці не — пытанне, над якім мы сур'ёзна думалі, раіліся з аўтарытэтнымі экспертамі і палітыкамі. У выніку вырашылі гэтага не рабіць. Аднак змагацца за выкананне абяцання я працягваю — і ў гэтым змаганні адчуваю падтрымку беларусаў.
А хіба можна чалавека «прызначыць» лідарам?
Прызначыць не, прызнаць — так. І гэта прызнанне — не назаўжды, сваё лідарства трэба даказваць штодзеннай працай.
І што, вы прам-такі кінеце ўсё — паездкі, сустрэчы, кіраўніцтва Офісам — і сыдзеце з палітыкі, калі з'явіцца новы лідар ці лідары?
Лідары ёсць і зараз. Няўжо вы мяркуеце, што ў дэмакратычным руху толькі адзін лідар?
Я перастану кіраваць Офісам, браць удзел у паездках ды сустрэчах пры дасягненні мэты — свабодных дэмакратычных выбараў у Беларусі. У гэтым выпадку мая місія і місія Офіса будзе выканана. А ў Беларусі з'явіцца сапраўдны прэзідэнт, а не злодзей, які скраў у людзей іх выбар.
Я не разумею: выбары-2025 у Беларусі неяк паўплываюць на ваш статус?
Калі б нашыя грамадзяне змаглі рэалізаваць сваё права на свабодны выбар, то, безумоўна, так.
Маёй асноўнай мэтай з'яўляецца правядзенне свабодных і сумленных выбараў. Але для гэтага трэба спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў, зняць абмежаванні на магчымасці стаць кандыдатам у прэзідэнты і забяспечыць сумленны падлік галасоў, а таксама адмяніць забарону на працу незалежных медыя.
На жаль, такія ўмовы ў Беларусі пакуль не створаныя. А імітацыю выбараў без сапраўднага падліку галасоў не прызнаю не толькі я — яе не прызнае беларускае грамадства.
То бок, калі сапраўдныя выбары ў 2025 годзе не адбудуцца, Вы будзеце лідаркай бясконца?
У такім выпадку я працягну сваю справу.
Маё найвялікшае жаданне — як мага хутчэй правесці ў Беларусі сапраўдныя сумленныя выбары і рэалізаваць волю выбаршчыкаў. Я хачу, каб выйшлі на волю і былі рэабілітаваныя палітзняволеныя. Каб тыя, хто вымушана пакінуў Беларусь, маглі вярнуцца дамоў. Як толькі даможамся гэтых мэтаў, я з лёгкай душой перадам усе паўнамоцтвы тым, каго абярэ народ.
А што рабіць з тым, што нават вашы паплечнікі ўжо ўслых кажуць: мандат Ціханоўскай сканчваецца 9 жніўня 2025 года?
Я чую тых, хто настойвае: статус лідара трэба пацвердзіць. Гэта правільна — і я гатовая да абмеркавання ідэй і прапаноў, што дазволяць нам разам абараніць незалежнасць Беларусі і дамагчыся пераходу яе да дэмакратыі.
Але пакуль такія працэдуры не ажыццявіць, адказнасць за нашых людзей і абарону іх інтарэсаў застаецца на мне. У мяне ёсць голас і магчымасць гаварыць ад імя дэмакратычна настроеных беларусаў, падымаць пытанні палітвязняў, падтрымкі медыям і праваабаронцам. І я вельмі ўдзячная кожнаму і кожнай, хто дапамагае разам дамагацца нашай агульнай мэты — незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.