У МАРГ расказалі, ці будуць уводзіць падатак на чаявыя афіцыянтам
У Беларусі абмяркоўваецца пытанне аб увядзенні падатку на чаявыя. Пра гэта расказала намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ніна Емяльянава ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
12.09.2024 / 20:53
Паводле слоў чыноўніцы, каля года таму ў Міністэрстве эканомікі на пагаджальнай нарадзе з удзелам Міністэрства падаткаў і збораў, МАРГ і іншых ведамстваў разглядалася пытанне аб замацаванні ў заканадаўстве паняцця чаявых.
Пры гэтым некаторыя дзяржорганы прапануюць улічваць гэтыя сумы ў заробку афіцыянта і, такім чынам, адлічваць з іх падаходны падатак. Праўда, нібыта згодныя прымяняць тут ільготную стаўку.
Ніна Емяльянава, аднак, падкрэсліла, што канчатковага рашэння па гэтым законапраекце пакуль няма.
Старшыня назіральнай рады Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі Яўген Васільеў, каментуючы гэтае пытанне, падкрэсліў, што чаявыя — справа добраахвотная. Гэта ацэнка працы, падзяка за абслугоўванне.
«Вядома, калі браць вопыт суседніх дзяржаў, то ў іх чаявыя ўжо па змоўчанні ўключаныя ў рахунак. У Беларусі, напэўна, ёсць нейкі традыцыйна замацаваны працэнт чаявых у памеры 10%. Але важна адзначыць, што вы маеце права самастойна ацаніць працу афіцыянта», — сказаў ён.
На думку рэстаратара, пры легалізацыі чаявых і ўлічванні іх у заробак трэба будзе плаціць не толькі падаходны падатак, але таксама ўнёскі ў ФСАН і г. д.
У той жа час ён лічыць, што чаявыя падыходзяць і пад такое паняцце ў заканадаўстве, як дарэнне.
Падатковая паклала вока на чаявыя, якія кліенты пакідаюць у кавярнях
Папулярная мінская кавярня забараніла наведнікам прыходзіць з ноўтбукамі