Сёння ў Вільні адбудзецца прэзентацыя кніг Сяргея Дубаўца
13.09.2024 / 09:52
Ілюстрацыя з фэйсбука Сяргея Дубаўца
Сёння ў Беларускім доме на Віленскай 20 а 18.30 адбудзецца прэзентацыя кніг першага рэдактара адноўленай «Нашай Нівы» Сяргея Дубаўца «Стагоддзе НН» і «Занзібар».
«Пагаворым пра ўсё цікавае. Сардэчна запрашаю!» — запрашае Сяргей Дубавец, напісаўшы ў сваім фэйсбуку.
Пра што кнігі?
«Стагоддзе НН». Кніга выбраных эсэ распавядае пра стагоддзе паміж «Нашай Нівай» і «Нашай Нівай», у якім дзейнічаюць: Янка Купала — чараўнік на фабрыцы маскульту, Абдзіраловіч пад псеўданімам Канчэўскі, Васіль Быкаў — пісьменнік экзістэнцыйнай нявыкруткі, Ікар, якому крылы разбурыла сонца, а яшчэ: нянавісць, якая стала любоўю, прыцягальная Амерыка, беларускія масоны, татары, габрэі, шляхта — ад менскіх каранёў да віленскага паветра».
«Занзібар» — гэта аўтабіяграфічны тэкст пра тое, як малады чалавек у 80-я гады адкрывае для сябе беларушчыну. У кнізе многа пра нефармальныя арганізацыі тых часоў: ад «Майстроўні» ды «Талакі» да літаратурнага аб’яднання «Тутэйшыя». Разам з тым, гэта не проста настальгічныя нататкі, аўтар праводзіць паралелі з сучаснасцю, беларускай рэчаіснасцю 2020-х гадоў.
Сяргей Дубавец выдаў кнігу «Стагоддзе НН»