На праваабаронцу Сержука Сыса завялі завочную крымінальную справу

На актывіста праваабарончага цэнтру «Вясна» Сяргея Сыса завялі крымінальную справу і абвясцілі яго ў вышук. Пра гэта праваабаронца даведаўся ад крыніц з Беларусі.

13.09.2024 / 10:53

«Мне паведамілі, што быў званок з крымінальнага вышуку, пра мяне пыталіся. Сказалі, што мяне ўжо і ў вышук абвясцілі», — падзяліўся з Радыё Свабода праваабаронца Сяржук Сыс.

Паводле звестак праваабаронцы, яго вінавацяць паводле часткі 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці», учыненае ў групе асобаў або паўторна»), за што пагражае пакаранне да 7 гадоў зняволення.

«Кажуць, што ў справе фігуруе яшчэ 12 чалавек. Ведаю пра аднаго з іх, праваабаронцу Ігара Казмерчака. А заведзеная справа за ўдзел у праграмах «План «Б» на «Белсаце», якія выйшлі ў эфір 25 сакавіка і 1 красавіка 2024 года. Справу расследуе гомельскае ўпраўленне Следчага камітэта. А прычым тут Гомель, чаму менавіта яны, не ведаю. Расследуюць у парадку спецвытворчасці, што значыць завочна. Каментаваць тут яшчэ рана. Буду чакаць, што адбудзецца далей», — сказаў Сяржук Сыс.

Праваабаронца і паэт Сяржук Сыс мусіў выехаць з Беларусі ўлетку 2021 году пасля арышту ягоных калегаў-вясноўцаў. Цяпер Сыс жыве ў Вільні, дзе працягвае займацца праваабарончай дзейнасцю і піша вершы.

Nashaniva.com