Чаму ў верасні 2023 Зямля дзевяць дзён вібравала

У мінулым годзе сейсмолагі па ўсім зямным шары зафіксавалі дзіўныя вібрацыі — не такія, як пры землятрусе. Сігнал паўтараўся 90-секунднымі інтэрваламі на працягу дзевяці дзён. Вучоным спатрэбіўся год, каб разабрацца.

13.09.2024 / 12:57

Дыксан-фіёрд пасля сходу апоўзня. Скрын відэа: аб'яднанае арктычнае камандаванне арміі Даніі

Як піша The Wall Street Journal, сейсмолагі нарэшце разгадалі загадку вібрацый, якія дзевяць дзён скаланалі Зямлю ў верасні мінулага года. У гэтым ім дапамаглі засакрэчаныя карты марскога дна, перададзеныя ім дацкім вайсковым ведамствам, звесткі глабальнай сеткі сейсмічных датчыкаў, а таксама відэа з месца падзей ва ўсходняй Грэнландыі ды іншыя матэрыялы.

Усё пачалося 16 верасня 2023 года, калі сейсмічныя датчыкі на маніторынгавых станцыях па ўсім свеце зафіксавалі вібрацыі, зусім непадобныя да тых, якія выклікаюцца землятрусамі. Сігнал паўтараўся з інтэрвалам 90 секунд і так цягнулася некалькі дзён. У адрозненне аб большасці сейсмічных падзей, якія хутка слабеюць, гэты даволі доўга захоўваў сваю амплітуду.

Па словах старшага навуковага супрацоўніка Геалагічнай службы Даніі і Грэнландыі Крысціяна Свеневіга (Kristian Svennevig), які стаў вядучым аўтарам даследавання, апублікаванага ў часопісе Science, «некаторыя з нашых амерыканскіх калег спачатку спісалі гэта на збой у прыборах. Яны ніколі раней не фіксавалі нічога падобнага».

Каманда з 68 экспертаў з 40 устаноў 15 краін з дапамогай разнастайных даных і камп'ютарнага мадэліравання прыйшла да высновы, што дзіўныя сігналы — наступствы цунамі, якое было выклікана абрушэннем горнай вяршыні вышынёй 1200 метраў на тэрыторыі Дыксан-фіёрда ў Грэнландыі.

Як тлумачыць Свеневіг, 25 мільёнаў кубаметраў каменю і лёду пранеслася па фіёрдзе не менш за 2200 метраў, выкінула абломкі на найбліжэйшую скалу і выклікала цунамі з вышынёй хвалі прыкладна 200 метраў.

Хваля пасля зменшылася да 7,6 метраў, але на працягу наступных дзевяці дзён плёхалася з аднаго боку фіёрда да іншага, б'ючы ў берагі з такой сілай, што яго схілы рухаліся, пасылаючы сейсмічны сігнал па ўсёй планеце.

Як мяркуюць даследчыкі, апоўзень выклікала раставанне ледавіка ля вяршыні гары. Свеневіг адзначыў, што гэтая падзея прымусіла вучоных перагледзець віды прыродных катастроф, якія магчымыя ва ўмовах пацяплення Арктыкі.

Выгляд Дыксан-фіёрда да і пасля сходу апоўзня. Фота: матэрыялы артыкула

Па словах спецыялісткі па мадэляванні апоўзняў з Інстытута фізікі зямнога шара ў Парыжы прафесаркі Ан Манжэнэ (Ann Mangeney), падобныя з'явы стануць больш распаўсюджанымі, бо тэмпература атмасферы працягне падвышацца.

«Больш за тое, упершыню мы можам цалкам ясна бачыць, што гэтая падзея, якая з'яўляецца наступствам змены клімату, выклікала глабальную вібрацыю пад нашымі нагамі па ўсім свеце. Гэтыя калыханні зямной кары распаўсюдзіліся ад Грэнландыі да Антарктыды менш чым за гадзіну. Такім чынам, мы сталі сведкамі ўздзеяння змены клімату на ўвесь свет усяго за гадзіну».

Вучоныя: вікінгі пакінулі Грэнландыю не столькі з-за змены клімату, як з-за маштабнага затаплення

Што адбываецца з кліматам? Такая спёка летам будзе заўсёды?

Кліматычны крызіс прымушае палярных мядзведзяў спарвацца з грызлі — атрымліваюцца «пізлі»

Антось Жупран