«Манчэстэр Сіці» прэзентаваў футбольную форму ў гонар першага альбома Oasis
«Манчэстэр Сіці» і Puma прэзентавалі камплект формы «Definitely City» на сезон 2024/25, распрацаваны сумесна з легендарным музыкам і даўнім фанатам «гараджан» Ноэлем Галахерам.
13.09.2024 / 12:13
Выпуск формы прымеркаваны да 30-годдзя культавага альбома гурта Oasis Definitely Maybe, натхнёны вокладкай мегапапулярнага альбома.
Новую форму прэзентавалі Кайл Уокер, Эдэрсан Мараес і сам трэнер Пеп Гвардыёла.
Камплект будзе выкарыстоўвацца выключна ў абраных еўракубкавых матчах.
На наступным тыдні «Сіці» згуляе ў Лізе чэмпіёнаў з «Інтэрам».
Два тыдні таму стала вядома пра аднаўленне культавага гурта з Манчэстэра пасля таго, як у 2009 года Oasis распаўся пасля бойкі Ліяма і Ноэля на фестывалі ў Парыжы і потым заняліся сольнымі праектамі.
Усе квіткі на канцэрты ў Брытаніі і Ірландыі былі прададзеныя за некалькі гадзін, а Definitely Maybe вярнуўся на першыя месцы ў брытанскіх чартах.