Мужчына на Новы год забіў айчыма малатком і згвалціў непаўналетнюю

Жорсткае забойства жыхар Слаўгарадскага раёна здзейсніў 1 студзеня, цяпер яго судзілі.

13.09.2024 / 15:13

Фота: uvdgomel / Telegram

1 студзеня мужчына сустракаў у кватэры маці. У нейкі момант ён пасварыўся з айчымам і нанёс яму 22 удары малатком па галаве і іншых частках цела. Пацярпелы памёр ад непранікальнай чэрапна-мазгавой траўмы, якая ўскладнілася ацёкам і здушваннем галаўнога мозгу.

Мужчыну таксама паставілі ў віну згвалтаванне і дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да заведама непаўналетняй. Абставіны гэтага злачынства пракуратура не раскрывае.

На судзе абвінавачаны не прызнаў сябе вінаватым у дзеяннях сэксуальнага характару і згвалтаванні. Па факце забойства айчыма віну прызнаў часткова.

Ён прызнаў, што збіў айчыма малатком, з-за чаго той мог памерці. Аднак адмаўляў, што хацеў забіць і прычыніць таму пакуты. Акрамя таго, мужчына заявіў, што не ўсе траўмы, якія знайшлі ў загінулага, нанёс менавіта ён.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю, згвалтаванні заведама непаўналетняй і гвалтоўных дзеяннях сэксуальнага характару ў адрас заведама непаўналетняй.

Абвінавачанаму пагражала пажыццёвае ці нават смяротнае пакаранне, аднак суд абмежаваўся пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 22 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бакі яшчэ могуць падаць апеляцыю на прысуд.

Nashaniva.com