Хто той паляк на сустрэчы з Лукашэнкам, які яму падхіхікваў?

Аляксандр Сонгін кіруе Саюзам палякаў на Беларусі. На пасаду яго абралі ўжо пасля 2020 года. Цяпер яго функцыя — ад імя ўсіх палякаў Беларусі спяваць оды Лукашэнку.

13.09.2024 / 18:59

Аляксандр Сонгін на сустрэчы з Лукашэнкам. Скрыншот з тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі

Аляксандру Сонгіну 54 гады. Родам ён з вёскі Тарнова Лідскага раёна.

Пасля школы пайшоў у Лідскую педагагічную вучэльню, дзе атрымаў адукацыю настаўніка пачатковай школы. Пасля яго прызвалі ў армію, дзе ён служыў у войсках МУС, праходзіў службу ў Нагорным Карабаху.

Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, вывучыўся на настаўніка гісторыі. Пасля арміі быў настаўнікам у Далёкіх Лідскага раёна, кіраваў дзіцячым садком і пачатковай школай у Гудах Лідскага раёна. Пасля перайшоў намеснікам дырэктара па ідэалогіі і кадрах на аўтазборачны завод «Нёман».

У 2012 Сонгіна паставілі кіраўніком упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. А ў 2019 годзе прызначылі дэпутатам у парламент.

Аляксандр Сонгін. Скрыншот з сайта pto70.ripo.unibel.by

Адметна, што ён адзін з тых дэпутатаў, якія перыядычна выступаюць па-беларуску. Ён практыкуе гэта і дагэтуль, а беларускай мовай валодае насамрэч добра.

А ў сакавіку 2021 яго прызначылі кіраваць яшчэ і пралукашэнкаўскім Саюзам палякаў Беларусі. І ён прыняўся хваліць улады, але ўжо ад імя палякаў:

Галасаванне ў падтрымку Сонгіна ў праўладным Саюзе палякаў на Беларусі. Фота Белты

«На жыццё ў краіне, асабістае і прафесійнае станаўленне, кар'еру нацыянальнасць чалавека не ўплывае. Калі грамадзянін трымаецца законаў, то ніякіх пытанняў ні ў дзяржавы, ні ў асяроддзя не будзе».

Крытыкаваў ён і суседзяў Беларусі — маўляў, дзе яшчэ ёсць прадстаўнікі меншасцяў у парламенце.

Працягваў ён у такім духу ўсе апошнія тры гады. У асноўным Сонгіна даставалі з шафы як дзяжурнага паляка, калі трэба было пракаментаваць польска-беларускія адносіны. Ён хваліў дзень народнага адзінства, пісаў лісты польскім уладам пра спрашчэнне візавага рэжыму і праводзіў пікеты каля амбасады Польшчы, а таксама лаяў ЗША ды «калектыўны Захад».

Аляксандр Сонгін на пікеце супраць закрыцця межаў, куды сагналі таксама студэнтаў. Скрыншот з канала Мір 24

Апошні раз Сонгіна заўважылі на сустрэчы нацыянальных меншасцяў з Лукашэнкам. Пакуль Лукашэнка расказваў пра зняволенне беларускага паляка Анджэя Пачобута, Сонгін адзначаў, што палякі «дыхаюць паветрам роднай Беларусі, жывуць і працуюць па законах гэтай краіны». І дадаў, што жыхары Польшчы мараць пра нармалізацыю адносінаў з Беларуссю.

Лукашэнка на гэта адказаў, што народ Польшчы добры, але ўлады дрэнныя і мараць забраць Заходнюю Беларусь. А 99% палякаў, маўляў, падтрымліваюць Лукашэнку.

{DONATE_PAYPAL}

Лукашэнка заявіў, што Пачобут нібыта сам не хоча ехаць у Польшчу

Васкрасенскі хоча, каб Пачобута прыехаў забіраць асабіста Сікорскі

«У Беларусі сітуацыя зменіцца толькі пасля таго, як яна зменіцца ў Расіі» — Радаслаў Сікорскі

Nashaniva.com