Год таму беларус, які лячыўся ў анкацэнтры, зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Цяпер пара пажанілася
Мінулай восенню ў анкацэнтры ў Бараўлянах хлопец, якому дыягнаставалі лейкоз, зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне, і яна пагадзілася. А 7 верасня гэтая пара згуляла вяселле.
13.09.2024 / 17:51
Паліна і Мікіта. Скрыншот з відэа
Мікіта і Паліна жывуць у Гродне. У сакавіку хлопец завяршыў асноўнае лячэнне і цяпер у Бараўляны ён прыязджае раз на тры месяцы на кантроль.
Наколькі дазваляе здароўе, ён імкнецца вярнуцца да звыклага жыцця. Ягоная жонка займаецца нарошчваннем павек і выкладае танцы дзецям. Як і ўсе маладыя, закаханыя будуюць планы на будучыню і атачаюць адзін аднаго каханнем.
У Мікіты ў 12 гадоў выявілі востры лімфабласны лейкоз. Ён паспяхова прайшоў лячэнне, але ў 2021-м хвароба вярнулася. Да таго моманту хлопец ужо сустракаўся са сваёй будучай жонкай.
У складаны для маладога чалавека час дзяўчына яго падтрымала. А калі вясной 2023-га яму спатрэбілася кругласутачная дапамога, то звольнілася з працы і была побач у анкацэнтры ў Бараўлянах.
Пасля таго, як Мікіта зрабіў Паліне прапанову, пара вырашыла арганізаваць вяселле па-за сценамі Бараўлянаў, каб пачаць новы этап свайго жыцця. Цяпер гэтыя планы рэалізаваліся.
«Урачыстасць прайшла ў коле самых блізкіх і родных, — расказаў Мікіта. — Спачатку распісаліся, а потым зладзілі невялікае свята ў адным з рэстаранаў горада».
Пара з Калінкавічаў папрасіла гасцей прынесці на вяселле замест кветак цацкі для хворых дзяцей
Нядаўна вызвалены блогер Vadimati паведаміў пра анкалагічнае захворванне
Палітвязень Яўген Бароўскі з сур'ёзнымі праблемамі са здароўем выйшаў на свабоду ў чэрвені