Вядомага расійскага аэраразведчыка праз канфлікт з камандзірам адправілі ў мясны штурм. Там ён і загінуў

«Некаторыя дасвісталіся, а мы, магчыма, адляталіся», — гаворыцца ў пасмяротным відэазвароце Дзмітрыя «Гудвіна» Лысакоўскага, былога кіраўніка паветранай разведкі арміі «ДНР».

13.09.2024 / 20:39

Дзмітры Лысакоўскі. Скрын відэа soldat_prav / Telegram

У Z-пабліках распаўсюдзілася відэа, у якім расійскі вайсковец абвінавачвае камандзіра 87-га палка Ігара Пузіка з пазыўным «Злы» ў наўмысным расфарміраванні разліку БПЛА дальняй разведкі і пераводу яго служачых у штурмавікі.

Аўтар відэа гаворыць, што знаходзіцца ў ваколіцах сяла Мемрык на пакроўскім напрамку фронту. Сам ён прадстаўляецца Дзмітрыем Лысакоўскім з пазыўным «Гудвін».

Лысакоўскі — дастаткова вядомая фігура. У 2014 годзе ён камандаваў паветранай разведкай арміі «ДНР». У 2015 годзе вярнуўся ў Расію, дзе некалькі гадоў адседзеў у турме за рэйдарства. У 2022 годзе Лысакоўскі зноў пайшоў на фронт.

«Наш камандзір палка некалькі дзён назад даў справаздачу аб узяцці населенага пункта Лясоўка. Натуральна, гэта не праўда. Нічога там не ўзята. Туды толькі часам заходзяць нашы групы, групы саюзнікаў, якіх усіх знішчаюць», —

заяўляе Лысакоўскі і дадае, што такая сітуацыя не з'яўляецца ўнікальнай, «так існуе па ўсім фронце».

«Хлусня аб тым, што нейкія населеныя пункты занятыя, з'яўляецца нормай, — сцвярджае мужчына і дадае: Вайну трэба называць вайной, а здраднікаў, якія хлусяць, трэба расстрэльваюць. Інакш вайны не будзе, а будзе дагаварнячок і рынкавая эканоміка».

Па словах вайскоўца, камандзір палка Пузік знаходзіцца пад уплывам нейкага Алега Уладзімірава — «чалавека, які напрамую кантактуе з заходнімі разведкамі».

Гэты ўплыў прывёў да таго, што Пузік «зрабіў усё, каб полк перастаў эфектыўна працаваць».

Таксама Лысакоўскі абвінавачвае свайго камандзіра ў тым, што ён крышуе гандаль наркотыкамі.

У іншым відэа саслужывец Лысакоўскага, падпалкоўнік Сяргей Грыцай з пазыўным «Эрнэст», заўважае, стоячы побач з ім:

«Некаторыя дасвісталіся, а мы, магчыма, адляталіся. … Самыя слаўныя беспілотчыкі і камандзіры падраздзяленняў беспілоткі з пазыўнымі «Эрнэст», «Гудвін» і «Бальшой» атрымалі сёння задачу сысці ў пяхотныя парадкі. (…) Мноства людзей кінулася нам гаварыць, што мы сыходзім у адзін канец».

Скрын перапіскі Дзмітрыя Лысакоўскага. Фота: ghost_of_novorossia / Telegram

Лысакоўскі дадае, што галоўнай прычынай іх адпраўкі ў мясны штурм стала тое, што яны супрацьдзейнічаюць гандлю наркотыкамі ў палку, а таксама крытыкуюць камандаванне ў неэфектыўным выкарыстанні інфармацыі, здабытай падраздзяленнем БПЛА дальняй разведкі:

«Уся інфармацыя, якую мы дастаўлялі, тармазілася на ўзроўні камандзіра палка і начальніка штаба і не ішла вышэй — для таго, каб цэлі ўкраінскай арміі не былі знішчаныя. Для таго, каб яны працягвалі знішчаць нашых байцоў. Для таго каб яны працягвалі наносіць удары па тэрыторыі Расіі.

А як толькі высветлілася, што мы маем магчымасці размяркоўваць інфармацыю вышэй, прыйшла каманда: «Давайце закапаем Эрнэста, Гудвіна і ўсіх, хто наогул да гэтага датычны».

«Запомніце раз і назаўсёды. Першае: наркотыкі ў палках — зло. Таму што яны разрастаюцца далей. Другое: інфармацыю трэба адпрацоўваць, а не ганарыцца яе наяўнасцю. І трэцяе: калі вы ваюеце за радзіму, то ваюйце за радзіму, а не за сваю кішэню. (…) Трэба зразумець, што вайну трэба спачатку выйграць, а потым прыбытак дзяліць», — гаворыць Лысакоўскі і дадае:

«Асноўныя задача ў нас — выжыць. А ў іх — зрабіць так, каб мы не выжылі. (…) Калі раптам здарыцца так, што з намі нешта пойдзе не так, не тым бокам, калі мы адтуль не вернемся, ці хаця б адзін з нас не вернецца, то другі дасць паказанні. Калі мы не вернемся абодва, то гэты запіс будзе доказам таго, што мы мелі рацыю».

З'яўленне відэа ў сацыяльных сетках дало падставы сцвярджаць, што яго ўдзельнікі загінулі. Але афіцыйна гэта пакуль не пацверджана.

Расія ставіць SIM-карты ў «Шахеды» для выкарыстання мабільнай сеткі Украіны

«Вызваленне»: у што Расія ператварыла ўкраінскія гарады

«Палкоўнікі нам не патрэбныя». Стралкова-Гіркіна ўсё ж не адправяць з калоніі на вайну

Nashaniva.com