Праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў сёлета затрымалі пасля вяртання з-за мяжы

Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», з пачатку 2024 года пасля вяртання ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх завялі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.

13.09.2024 / 20:25

Пад асаблівы дагляд на мяжы трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краін, большасць з якіх — украінцы. Падставай для допыту ці затрымання могуць стаць падпіскі на незалежныя СМІ, схаваныя фота з пратэстаў у тэлефоне або сацыяльных сетках, нацыянальная сімволіка і нават штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны.

Калі чалавек знаходзіцца ў базе «БЕСпорядки», куды ўносяцца даныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе, то відавочных падстаў можа і не быць. Людзей дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць, на некаторых проста ў аўтобусе надзяюць кайданкі, а за іншымі прыходзяць праз некалькі дзён.

Праверкі і затрыманні ладзяць на ўсіх дзейных прапускных пунктах, у тым ліку і на мяжы з Расіяй. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах або прыходзяць па іх ужо дадому пасля вяртання. Калі затрыманне адбываецца проста ў пункце пропуску, то чалавека да суда звычайна змяшчаюць у найбліжэйшы РАУС, дзе супраць яго складаюць пратакол.

Адміністрацыйныя суды над затрыманымі на мяжы Беларусі з краінамі ЕС адбываюцца пастаянна. Больш за ўсё спраў разглядаюць у судзе Воранаўскага раёна і судзе Ленінскага раёна Брэста. Часцей за ўсё людзям прызначаюць вялікія штрафы, а некаторых затрыманых адпраўляюць на суткі. Пратаколы звычайна складаюць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Праваабаронцы нагадваюць, што калі вы ўдзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах, данацілі беларускім ініцыятывам ці арганізацыям, пакідалі каментары ў інтэрнэце, падтрымлівалі палітвязняў пасылкамі ці грашыма, то вяртацца ў Беларусь небяспечна. 

@nashaniva

♬ dźwięk oryginalny - Наша Ніва. Навіны

Расійскаму блогеру закрылі Беларусь на 10 гадоў

У Капылі мужчына зняў дзяржсцяг з будынка, каб зрабіць фота. Гэта было дарма

У Брэсце за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах асудзілі адразу 11 чалавек

Nashaniva.com