На Youtube-канале «Бэйбус» з'явіліся мультывершы Андрэя Скурко «Хто жыве ў гаражы»

Усяго будзе 16 эпізодаў.

14.09.2024 / 11:12

 

Мультвершы — гэта вясёлыя і кароткія паэтычныя мульцікі для дзетак, створаныя для таго, каб прыносіць радасць і развіваць цікавасць да беларускай мовы. Творы напісаны былым палітвязнем Андрэем Скурко для яго маленькага сына Тамашыка, а цяпер адаптаваны пад яскравую анімацыю для шырокай аўдыторыі.

 

З 13 верасня ў 20:00 па Менску на YouTube-канале пачаўся выпуск серыі мультвершаў Андрэя Скурко «Хто жыве ў гаражы», заснаваных на вершаванай кніжцы пра машынкі і выдадзенай выдавецтвам «Гутэнберг».

Вас чакаюць гісторыі пра розныя жывыя машынкі і іх выпрабаванні. Усё будзе буксаваць і разлівацца, раскручвацца і адвальвацца! Карацей, будзе весела!

Ілюстрацыі і анімацыя належаць мастачцы Вользе Кузьміч. Тэксты агучаны на беларускай мове праектам «Кніжны воз», сярод галасоў — Крысціна Дробыш і Алег Гарбуз. Музыку для праекта стварыла Наталля Бібікава. 

Кожную пятніцу будуць выходзіць новыя эпізоды, усяго іх будзе 16!

Бэйбус — беларускамоўная забаўляльная, навучальная, развіццёвая лічбавая прастора для маленькіх гарэзаў і дарослых жэўжыкаў.

Унікальны кантэнт YouTube-канала і сацсетак праекта дапамагае дзецям і дарослым не толькі вывучаць беларускую мову з дапамогай казак і вершыкаў, атрымоўваць веды з найцікавейшых галінаў такіх, як мастацтва, гісторыя, культура, але і забаўляцца.

Nashaniva.com