Жыхары Цэнтральнай Еўропы рыхтуюцца да магутных паводак

Улады шэрагу гарадоў не выключаюць правядзення эвакуацыі.

14.09.2024 / 11:30

Ратавальнікі ўзводзяць бар'еры ў Празе. Фота: Petr David Josek / AP

Улады Чэхіі, Польшчы, Славакіі, Аўстрыі і іншых краін Цэнтральнай Еўропы на фоне моцных дажджоў рыхтуюцца да паводак, паведамляе Радыё Свабода.

У Чэхіі павышаецца ўзровень вады ў рэках. На ўсходзе краіны тысячы дамоў пазбаўленыя электрычнасці. Чакаецца, што да вечара суботы сітуацыя ўскладніцца праз моцны вецер. Сіноптыкі прагназуюць, што яго парывы змогуць дасягаць 100 кіламетраў за гадзіну.

Улады шэрагу гарадоў не выключаюць правядзення эвакуацыі.

У Брно кіраўніцтва адной з бальніц, размешчанай у зоне падтаплення, перавяло пацыентаў у іншыя клінікі.

У Празе вада ва Влтаве дасягне найвышэйшага ўзроўню ў ноч з суботы на нядзелю. Паводле ацэнак, яна падымецца на 60-80 сантыметраў.

Пражскі заапарк, моцна пацярпелы падчас паводак 2002 і 2013 гадоў, заявіў, што, у выпадку неабходнасці, гатовы да эвакуацыі жывёл. Заапарк у выхадныя зачынены для наведвальнікаў. Па словах дырэктара Міраслава Бобека, ёсць рызыка падзення дрэў з-за размытай дажджамі глебы.

У суботу раніцай у пражскіх раёнах працягнулася ўзвядзенне ахоўных збудаванняў ад паводак.

З позняга вечара серады найбольшая колькасць ападкаў (каля 100 міліметраў) у Чэхіі выпала на хрыбтах Крканош і Арліцкіх гор.

Разам з тым Харчовая палата заявіла, што вытворчасць прадуктаў харчавання ў Чэхіі не апынецца пад пагрозай у выпадку паводкі.

У Румыніі ў Галацкім павеце ў ноч на суботу загінулі чатыры чалавекі. У краіне зачыненыя 13 участкаў дзяржаўных і мясцовых трас. У некаторых населеных пунктах вада дасягнула трох метраў.

Прэм'ер-міністр Румыніі Марчэл Чолаку плануе наведаць пацярпелыя раёны, каб разам з мясцовымі ўладамі ацаніць наступствы паводак.

У польскім горадзе Уроцлаве створаны крызісны штаб. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у горадзе можа выпасці 380 міліметраў ападкаў. Такіх высокіх паказчыкаў ва Уроцлаве за гісторыю назіранняў не фіксавалі.

Nashaniva.com