У Зімбабвэ з-за засухі збіраюцца забіць 200 сланоў

Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Зімбабвэ заявіла, што цяпер у краіне «жыве больш сланоў, чым трэба». У выніку адміністрацыя парку дзікай прыроды ZimParks атрымала загад адабраць жывёл, якія будуць забітыя. Па словах прадстаўнікоў уладаў, такое рашэнне дапаможа кантраляваць папуляцыю сланоў, якая хутка расце, а таксама дазволіць лягчэй справіцца з наступствамі экстрэмальнай засухі, піша Bild.

14.09.2024 / 16:26

Здымак ілюстрацыйны. Фота: pexels.com

Кіраўнік запаведніка ZimParks Фултан Мангванья паведаміў агенцтву AFP, што агулам улады маюць намер пазбавіцца ад 200 сланоў.

Усяго ў Зімбабвэ жыве каля 100 тысяч сланоў, краіна лічыцца другой па папуляцыі гэтых жывёл пасля Батсваны. Апошні раз сланоў у Зімбабвэ адстрэльвалі ў 1988 годзе.

Раней абвясціла аб знішчэнні 700 дзікіх жывёл, уключаючы сланоў і бегемотаў, Намібія. Гэта таксама вымушаныя рабіць з-за наймацнейшай за апошнія дзесяцігоддзі засухі. Каля 160 жывёл ужо забітыя, паведаміла міністэрства навакольнага асяроддзя Намібіі.

Гэтая мера закліканая зменшыць спажыванне водных запасаў і забяспечыць мясам тысячы людзей, якія галадаюць з-за засухі. Праўда, распараджэнне ўрада сустрэлася з рэзкай крытыкай з боку абаронцаў правоў жывёл.

Зімбабвэ і Намібія ўваходзяць у групу паўднёваафрыканскіх краін, якія абвясцілі з-за засухі надзвычайнае становішча.

Прэзідэнт Батсваны пагражае падарыць Германіі 20 000 сланоў

У Замбіі сустрэча групы турыстаў са сланом скончылася трагедыяй

Калумбія хоча стэрылізаваць «какаінавых бегемотаў», якія размнажаюцца што дурныя

Nashaniva.com