«Дактары падазраюць сардэчны прыступ». Беларуса, які абвясціў галадоўку ў Літве, забрала хуткая

Рыгор Алексіевіч галадае ў знак пратэсту супраць затрымання ягонага аўтамабіля ў порце. Напярэдадні ён рэзка адчуў сябе кепска.

14.09.2024 / 17:22

Фота: abw.by

Беларус Рыгор Алексіевіч абвясціў галадоўку 8 верасня праз тое, што Літва з-за ўведзеных абмежаванняў не аддае яму набыты аўтамабіль. 

Два дні таму, здавалася, справа зрушылася з мёртвага пункта: беларусу выдалі транзітныя нумары. А 13 верасня Алексіевічу стала дрэнна. Мужчына даслаў відэа з машыны хуткай дапамогі, піша «Новая газета. Балтия».

«Пацямнела ў вачах, рэзка абмяклі рукі і ногі. Цяпер цяжка гаварыць, — удакладніў мужчына, які, з ягоных слоў, у гэты момант знаходзіўся на Клайпедскай тэрытарыяльнай мытні. — Лекары падазраюць сардэчны прыступ».

Медыкі, якія прыбылі на выклік, удакладнілі, што Рыгора Алексіевіча шпіталізуюць у Клайпедскую ўніверсітэцкую бальніцу. Раней ён расказваў, што гатовы трымаць бестэрміновую галадоўку.

«Напэўна, нервы здаюць», — выказаў меркаванне беларус.

Па словах Рыгора Алексіевіча, пасля атрымання транзітных нумароў у яго з'явілася надзея. Але аказалася, што не ўсё так проста.

«Я думаў, што ўсё атрымалася, але калі я прыйшоў у порт, мне назвалі ранейшыя аргументы, спаслаўшыся на санкцыйныя абмежаванні», — расказаў мужчына.

Рыгор Алексіевіч купіў гібрыдны Honda CR-V 2020 года выпуску на аўкцыёне Copart 23 красавіка 2024 года. Пакуль аўтамабіль знаходзіўся на шляху ў Літву, у дачыненні да грамадзян Беларусі ўвялі дадатковыя абмежаванні. Але ў каментары літоўскай мытні адзначалася, што калі машыны былі набытыя да 1 ліпеня, то іх выпускаць у абарачэнне можна. Аднак у дачыненні да аўтамабіля Алексіевіча гэтага чамусьці не зрабіла, машына затрымалася ў порце Клайпеды. Вычарпаўшы спосабы развязаць пытанне, беларус наважыўся на галадоўку.

Беларусу, які галадаў у Клайпедзе з-за немагчымасці вывезці аўтамабіль у Беларусь, выдалі транзітныя нумары

«Я ў адчаі». Беларус, якому Літва не аддае куплены аўтамабіль, пачаў галадоўку ў Клайпедзе

Санкцыі прыносяць свой плён — продажы новых аўто ў Беларусі б'юць рэкорды

«Расейцы выграблі ўсе вісякі». Што адбываецца на аўтамабільным рынку Беларусі пасля ўвядзення новых санкцый

«Заблакавана больш за 4000 аўтамабіляў». Што беларусы робяць з машынамі, якія захраслі ў Клайпедзе

Ад заўтра Літва цалкам забараняе ўезд аўто з Беларусі

Nashaniva.com