Bild паведаміў, што Зяленскі дапускае спыненне агню — у офісе прэзідэнта Украіны гэта назвалі фэйкам
Bild напісаў аб плане перамогі Украіны са спыненнем агню, у Зяленскага такі план абверглі.
15.09.2024 / 14:14
Нямецкае выданне Bild напісала, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гатовы прапанаваць Расіі спыненне агню на некаторых частках фронту, але дарадца прэзідэнта па камунікацыях Дзмітрый Літвін у каментары «Украінскай праўдзе» гэта абверг.
Згодна з Bild, Зяленскі ў бліжэйшыя тыдні паедзе ў ЗША, каб прадставіць сваю стратэгію прэзідэнту Джо Байдэну, а таксама кандыдатам у прэзідэнты Камале Харыс і Дональду Трампу.
Выданне піша, нібыта прапанова ўключае як патрабаванне дазволіць удары заходнім дальнабойным узбраеннем углыб Расіі, так і гатоўнасць Украіны пагадзіцца на лакальнае спыненне агню на пэўных участках фронту – і, такім чынам, на часовае замарожванне сітуацыі.
Дзмітрый Літвін запэўнівае, што гэта няпраўда, і нямецкае выданне не магло бачыць гэты дакумент.
«Bild распаўсюдзіў фэйк. План перамогі Bild не бачыў, і з тых некалькіх людзей, якія на сёння ўцягнутыя прэзідэнтам у падрыхтоўку плана перамогі, ніхто з Bild не гаварыў. Мінск-3 ці любы іншы фармат ніхто расіянам не падорыць. Украіна супраць любой замарозкі вайны, і на ўсіх узроўнях улады Украіны пра гэта гавораць. І для нас важна, каб Злучаныя Штаты падтрымалі менавіта план перамогі Украіны, а не капітуляцыі ці замарозкі.
План перамогі будзе прадстаўлены спачатку менавіта Злучаным Штатам, таму што Злучаныя Штаты здольныя забяспечыць яго рэалізацыю», — сказаў суразмоўца.