Роўна 25 гадоў таму бясследна зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі

Імаверна, яны былі забітыя ў той жа дзень.

16.09.2024 / 07:34

16 верасня 1999 года зніклі без звестак беларускі палітык, былы старшыня ЦВК Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Імаверна, яны былі забітыя ў той жа дзень. Ганчару быў 41 год, Красоўскаму — 47.

Ганчар і Красоўскі вечарам таго дня паехалі ў лазню ў Мінску і не вярнуліся дахаты. Пазней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданне, знайшлі аскепкі шкла аўтамабіля і сляды крыві.

У 2019 годзе Юрый Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону смерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Лукашэнкі. Спачатку ён расказаў пра выкраданне і забойства 7 мая 1999 года экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, потым пра сітуацыю з Ганчаром і Красоўскім.

«Ганчар і Красоўскі апошнімі выйшлі з лазні, селі ў машыну. Вуліца цёмная, там ліхтароў няма, людзей не было — мы кантралявалі. І калі пайшоў рух іх машыны, мы перакрылі дарогу. Я зрабіў літаральна два крокі, разбіў шыбу і ланцугом пацэліў у губу і пераноссе Ганчару. Панкоў адчыняе дзверы, я гэтым ланцугом бяру Ганчара на задушку, дастаю яго з машыны, кладу на зямлю» — расказаў Гараўскі.

Гараўскі расказаў, што і Ганчара, і Красоўскага забіў асабіста Дзмітрый Паўлічэнка, зрабіўшы па два стрэлы ў сэрца, а іхнія рэчы спалілі і пахавалі раздзетыя целы ў загадзя падрыхтаванай яме. Яма была глыбокая, 4-5 метраў. 

Nashaniva.com