Грамадзянін Латвіі паехаў у Беларусь і знік
11 верасня грамадзянін Латвіі Эмілс Асарс адправіўся ў Беларусь на аўтамабілі і знік. Магчыма, ён затрыманы. Пра гэта Reform.news распавялі яго знаёмыя.
16.09.2024 / 14:10
Фота: Дзяржаўны мытны камітэт
Паводле інфармацыі ад сваякоў, ён выехаў раніцай 11 верасня. Асарс кіраваў аўтамабілем Chrysler і павінен быў адвезці знаёмую жанчыну ў Верхнядзвінск. Ён планаваў уехаць у Беларусь праз памежны пункт «Патэрніекі — Грыгараўшчына» каля 10:00.
12 верасня на тэлефон сваякоў паступіў званок з беларускага нумара +375 21 235 03 14, у якім сцвярджалася, што Асарса затрымала міліцыя.
Звязацца з гэтым нумарам паўторна не ўдалося, а афіцыйнай інфармацыі ад беларускіх памежнікаў не паступала. Тэлефон самога Асарса з моманту затрымання застаецца адключаны.
Латвійская паліцыя праінфармаваная і занялася пошукамі.