Жыхары Гомеля скардзяцца на моцны пах гару і смугу. Улады кажуць, што хвалявацца няма чаго

«У кватэры ўжо вочы рэжа, стромна спаць класціся».

16.09.2024 / 18:37

Фота: тэлеграм-канал Уладзіміра Прывалава

Гомельцы ўвечары 15 верасня скардзіліся на рэзкі пах гару і смугу, які ахутаў горад.

Праблемы з паветрам былі і за горадам, бліжэй да мяжы з Украінай. Паводле звестак маніторынгавых сэрвісаў, усходні вецер нёс на Гомель дым ад пажараў з памежнай тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці Украіны і Бранскай вобласці Расеі, піша «Флагшток».

Жыхары Гомеля ў чатах расказалі, што ад дыму рэжа вочы нават у кватэры, а на вуліцы моцны смурод:

«У кватэры ўжо вочы рэжа, стромна спаць класціся».

«У 5-м проста не прадыхнуць, было акно адчынена на кухні, цяпер ва ўсёй кватэры смярдзіць».

«У 51-м такая ж гісторыя, увесь раён у нейкім дыме, смурод невыносны».

«Спаць проста немагчыма, прасмярдзела ўся кватэра».

Раніцай у панядзелак сітуацыя палепшылася.

Адрэагаваў на паведамленні старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў. У тэлеграм-канале ён напісаў, што гомельцам хвалявацца няма чаго.

«Смуга і пах, які ахутаў горад Гомель, узнікаюць у выніку ўзгарання тарфянікаў і гаспадарчай дзейнасці насельніцтва ва ўмовах зацішнага надвор'я і адсутнасці рассейвання ў атмасферы. Хвалявацца жыхарам Гомеля не варта», — заявіў Прывалаў.

Ён дадаў, што на тэрыторыі горада пажараў сухой расліннасці не зафіксавана. Пры гэтым захоўваецца 5-ты ўзровень пажарнай небяспекі.

У Мінску адчуваецца пах гару, а неба зацягнута смугой

У Лельчыцах Дзень горада правялі ў дыме з чарнобыльскай зоны

Зачыніць вокны, не курыць, не есці тлустае. Мінскі цэнтр гігіены расказаў, што рабіць, калі на вуліцы смог

У Чарнобыльскай зоне новы пажар: прыцягнулі чатыры сотні ратавальнікаў

Жыхары цэнтра і захаду Беларусі наракаюць на смугу і пах гару. У Вільні распаўсюдзілі трывожнае апавяшчэнне. Што адбываецца?

Nashaniva.com