Айцішнік пасля 3+ гадоў у EPAM стаў афіцыянтам. Працу ў ІТ так і не знайшоў
На час пошукаў працы ў ІТ ўзяцца за неайцішную падпрацоўку — такі план сёння ўжо не рэдкасць. Мікіта — сістэмны аналітык, працаваў у EPAM. Пакуль шукае новую працу, падзарабляе афіцыянтам у бары ў Батумі, піша Devby.io.
17.09.2024 / 09:30
«Стаў адгукацца на ўсё»
Мікіта — сістэмны аналітык, прапрацаваў у EPAM 3+ гады. Таксама ў яго ёсць досвед працы ў аўдыце — 2,5 гады. У сярэдзіне ліпеня Мікіта страціў працу — з айцішнікам не працягнулі кантракт.
Малады чалавек шукаў працу ў сферы Data/BI-аналізу на працягу 2,5 месяцаў — у Грузіі (у 2022 яны з жонкай пераехалі ў Батумі — кампанія дапамагла) і дыстанцыйна. Але пакуль няўдала.
Статыстыка пошуку працы ў Мікіты такая: 128 водгукаў, 82 кампаніі, 40% адмоваў на розных стадыях — адразу пасля падачы, пасля сумоўя/тэставага задання, 16 сумоўяў (тут і скрынінг, і тэхнічныя сумоўі і сэлфі-інтэрв'ю, калі кандыдат адказвае на пытанні на камеру праз спецыяльную платформу).
Мікіта кажа, што праца ў некаторых кампаніях для яго недаступная з-за няведання грузінскай — але «хапае кампаній, дзе грузінскую неабавязкова ведаць, а таксама кампаній, якія наймаюць па B2B-дамове».
З-за чаго яшчэ адмаўляюць: часам Мікіту не хапае «досведу правядзення канкрэтных працэдур, крытычных для працадаўцы (A/B-тэсты, напрыклад).
— А часам не хапае хардаў: напрыклад, трэба больш досведу ў пэўным праграмаванні, досведу працы з канкрэтнай bi-сістэмай і г.д.). Таму пасля ментарынг-праграмы ў EPAM я вучыўся яшчэ і давучваюся цяпер, — кажа суразмоўца.
Пошук працы ў Мікіты прыйшоўся на лета і вынікаў не даў, хоць у нейкі момант ён «стаў адгукацца на ўсе, нават тыя вакансіі, якія тычацца мяне толькі ўскосна». І вось праз 2,5 месяца айцішнік стаў падпрацоўваць афіцыянтам у бары — балазе, ёсць вопыт у гэтай сферы».
«За змену атрымліваю 60 лары (прыкладна 20 еўра) + чаявыя, якія дзеляцца на ўвесь персанал»
— Працу знайшоў праз мясцовыя тэлеграм-каналы: напісаў у пару ўстаноў, схадзіў на парачку сумоўяў, прайшоў стажыровачную змену — і цяпер працую.
Праца няпростая: ты ўвесь час на нагах — і на працягу змены, бывае, не прысядзеш ні разу і не паясі, калі людзей шмат.
Звычайна ў афіцыянтаў зменны графік працы, змены па змаўчанні доўжацца па 12 гадзін, але ў маім выпадку змена доўжыцца плюс-мінус 9 гадзін. За змену я атрымліваю 60 лары (прыкладна 20 еўра) + чаявыя, якія дзеляцца на ўвесь персанал кухні і залы.
У EPAM я атрымліваў 750 даляраў «бруднымі» — і гэта было больш, чым цяпер.
У чым плюсы працы афіцыянтам:
— гэта лепш, чым наогул не працаваць;
— пасля 2,5 месяца бесперапынных пошукаў, сумоўяў, паралельнага «данавучання» гэтая праца дае новыя ўражанні і нейкую магчымасць адцягнуцца ад назапашанага стрэсу і праблем;
— я хутка змог увайсці ў курс справы (ногі і галава «памятаюць», мой агульны стаж працы ў грамадскім харчаванні ў студэнцкія гады і затым пасля войска — 5 гадоў).
А мінусы такія:
— ненармаваная нагрузка — ты можаш як праседзець паўдня ў чаканні гасцей, так і бегаць цэлы дзень без магчымасці паесці або нават проста прысесці адпачыць;
— узровень даходу значна прасеў, бо я зараз працую ў маленькім бары і чаявыя там чыста сімвалічныя (ну і зразумела, што афіцыянт у звычайным разуменні — часцяком малакваліфікаваны спецыяліст;
— усё гэта можа біць па самаацэнцы, але з гэтым я пакуль спраўляюся
«Уключыў рэжым эканоміі — адмовіўся ад спартовай секцыі, скараціў кішэнныя выдаткі»
— Ці ёсць у мяне план, калі пошук новай працы зацягнецца, — на жаль, па мне, ён ужо зацягнуўся, таму я і знайшоў часовую падпрацоўку. Як альтэрнатыву магу разгледзець вакансіі барыста, бармэна і нават клінера. Былі думкі пайсці сартавальнікам морапрадуктаў — але гэта ўсё выключна як часовая занятасць.
Грузінскую мову за час жыцця ў Грузіі я, на жаль, не вывучыў. Але канкрэтна ў Батумі з гэтым няма вялікіх праблем, каб уладкавацца на працу. Цяпер я працую ў эмігранцкім бары.
Спыталі ў Мікіты, колькі штомесяц яны з жонкай трацяць, жывучы ў Батумі.
— Мы арандуем кватэру з адной асобнай спальняй за $450 (прыкладна 50 кв.метраў, можа трохі больш). Камуналка — святло, вада, газ, інтэрнэт, паслугі па ахове і ўборцы дома — у месяц выходзіць прыкладна 120 лары (каля 40 еўра).
Харчаванне ў месяц на дваіх: каля 1000—1250 лары (прыкладна 333-417 еўра) у залежнасці ад колькасці тыдняў у месяцы. Аплаціць тэлефон — 44,5 лары (гэта каля 15 еўра), але гэта толькі мой расход, які тарыф у жонкі, я не ведаю. Яшчэ ў нас ёсць медстрахоўка — гэта 142 лары ў месяц на дваіх (каля 47 еўра).
Часам Мікіта сілкуецца на працы. Але «калі вялікая нагрузка на працягу дня, то кухары не паспяваюць прыгатаваць абед».
— Адзін раз я абедаў а 20:00 вечара, адзін раз еў ужо перад самым закрыццём. Іншы раз ты проста ідзеш у булачную або краму па суседстве.
Мікіта кажа, што апошнім часам ён уключыў рэжым эканоміі — адмовіўся ад наведвання спартовай секцыі і скараціў кішэнныя выдаткі.
Дактароў цяпер наведвае толькі ў выпадку крайняй неабходнасці («гэта значыць умоўнае выдаленне зубоў мудрасці пераносіцца на нявызначаны тэрмін і да таго падобнае»).
Ну і такая опцыя, як адпачынак, а таксама падарожжа пакуль Мікіту не даступныя — прычым не толькі за межамі Грузіі, але і ўнутры краіны.