Ігар Сігоў: Падыходжу да Лукашэнкі і лаўлю сябе на тым, што хачу сагнуцца
Белсат скарыстаўся магчымасцю праехацца па Варшаве на таксоўцы з заслужаным артыстам Беларусі Ігарам Сіговым і такім чынам падтрымаць збор на тэатральную пастаноўку знакамітага твора Уладзіміра Арлова «Ордэн Белай Мышы». Паездка — незабыўная. Суразмоўца — якога пашукаць.
17.09.2024 / 09:40
Ігар Сігоў за стырном таксоўкі. Стартуем на плошчы Канстытуцыі. Срэбны «Dodge Caliber», ужо свой. Працаваць на арандаваных аўтах не вельмі выгадна.
Праз чатыры хвіліны пераходзім на ты. Балбочам і гутарым пра ўсё на свеце. На запясці яго правай рукі — БЧБ—бранзалетка. Такая ж — на рычагу пераключэння перадач. Няма спеху — ні ў руху, ні ў словах. Але часам разганяемся.
Таксовец маўклівага тыпу
Ігар Сігоў успамінае, як у Полацку школьнікам (6—8 класы) займаўся акадэмічнай веславаннем. І на «двойцы», і на «чацвёрцы» быў нумарам 1 — «заграбаючым». Адказнасць: першы нумар вызначае стыль і тэмп ды «адграбае» (стаім на чырвоным) у выпадку паразы. «Мне хацелася перамагаць і веславаць лідарам. І вось: 55 гадоў — а я ўсё грабу, грабу і грабу»…
Сігоў згадвае (паварот з Маршалкоўскай), як у 16 гадоў упершыню закахаўся і бегаў на спатканні да каменя каля Сафійскага сабору («Ці прыгожая? У Полацку не бывае непрыгожых дзяўчын!»).
Распавядае, як у 8 класе прыйшоў у тэатральную студыю да рэжысёркі Валянціны Нагорнай («Сябра з класу мяне запрасіў, бо адзін саромеўся ісці — там багата дзяўчат было…»), якая яго «ўлюбіла ў тэатр». Расказвае, як не паступіў (таксуем па Генерала Андэрса) пасля школы ў тэатралку, а пасля — у Інстытут культуры («А я ж быў упэўнены, што мне, красуну і полацкай тэатральнай зорцы, усё будзе лёгка…»).
Ігар Сігаў (невялікі корак на вул. Адама Міцкевіча) расказвае пра сям'ю. Мама — родам з Шаркоўшчыны. Тата — расеец, але хіба толькі па пашпарце: ягоны бацька, дзед Ігара, быў рэпрэсаваны і сасланы ў Сібір. Тлумачыць, чаму ў ягоным прозвішчы лепш ставіць націск на другі склад (хоць у пашпарце — «СІгаў»).
Сігоў кажа, што ён — таксовец маўклівага тыпу (ну нетыповы!). Але да пасажырскіх дыялогаў і маналогаў прыслухоўваецца пільна. Прынюхваецца да людзей («Ёсць правіла, што ты не можаш сказаць жанчыне, якая ў яе файная парфума, бо гэта сексуальнае дамаганне»).
Карыстаемся далікатнай тэмай (недалёка — Марымонт-Руда) і дорым Ігару кнігу Ірвіна Уэлша «Niezła Jazda» (пераклад з ангельскай) пра апантанага таксоўца Салодкага Тэры. Ігар прызнаецца: першая кніга па-польску.
Калі выразаць з жывога жыцця дзве гадзіны размовы з Сіговым і цалкам перавесці ў тэкст — была б добрая п'еса. На 4, а можа, і 5 дзеяў. Але ў СМІ іншыя законы драматургіі. Таму засяроджваемся на актуальным. Вельмі хочацца, каб спектакль паводле прыпавесці Уладзіміра Арлова «Ордэн Белай Мышы» з'явіўся на свет. Ці з’явіцца — залежыць ад нас.
«Лукашэнка гаворыць правільныя рэчы…»
— Ігар, калі даведаўся пра твой удзел у пастаноўцы «Ордэна Белай Мышы», быў упэўнены, што сыграеш у ёй Шэфа бяспекі. А тут — Кароль!
— Ну, а каму яшчэ граць каралёў, калі не мне! (смяецца). Адмоўны персанаж. І тут спрацоўвае стэрэатып, што Сігоў павінен граць зладзеяў, фашыстаў або кадэбэшнікаў, як у «Працэсах» «Белсату». Хаця ў жыцці я вельмі станоўчы і нікому не зычу зла. Ну і вось — Кароль. Для мяне не было нечаканасцю, што рэжысёр Уладзімір Ушакоў акурат гэтак размяркуе ролі.
— А хіба хацелася сыграць Пісьменніка?
— Не, ну як табе сказаць. Мы з Володзяй трошкі паспрачаліся наконт таго, хто такі Кароль? Я кажу яму, што Кароль не мусіць быць дэбілам, блазнам ці дурнем. Ён пытаецца: ну чаму? А таму, адказваю, што не можа дэбіл 30 гадоў быць пры ўладзе. Быў бы дэбілам — яго б ужо не было. Ну, мы разумеем, пра што гаворка, так?..
У сюжэце «Ордэну» Кароль «купляе» Пісьменніка. Прапаноўвае яму смачную ежу, віно, абставіны. Так, жанчыну, але яе ўжо на астатак. На пачатку — быт. Ты сам, маўляў, будзеш жыць як кароль, будзем тут сустракацца, піць віно, есці бараніну. Чым кепска?..
— І я ж, маўляў, таксама свайго кшталту пісьменнік, кажа ён, так?
— Ага, але потым гаворыць: мы, каралі, маем справу з рэальнымі людзьмі, а вы, пісьменнікі, — з фантомамі. Я да чаго кажу? Што гэтыя персанажы — гэта як два мужыкі, але з рознымі пазіцыямі. Разумееш, пра што я? Кароль — разумны чалавек, як бы там ні было. Нават латынь цытуе.
І калі праводзіць паралель з Лукашэнкам, гэта нічога не змяняе. Калі абстрагавацца і паслухаць ягоны выступ хвілін 10, то адчуваеш раптам, што пачынаеш яму верыць. У нейкай ступені. Я пра сябе кажу. І потым такі — стоп, стоп, п-ррр! І вось чаму многія людзі ў Беларусі замбаваныя і для іх Лукашэнка бог. Таму што ён гаворыць, у прынцыпе, правільныя рэчы, калі браць у кантэксце. Робіць іншае, а гаворыць правільна. Вось. І мне цікава менавіта гэта — паказаць: ці зломіцца сумленны і моцны чалавек — пісьменнік, і які зробіць выбар.
І ўвогуле, я прыйшоў да высновы, што аповед Уладзіміра Арлова — гэта спрэчка з самім сабой. Паміж «я» і «я». Такія спрэчкі часта ў нас здараюцца. Прыкладам, я кажу сабе: а на халера ж ты з'ехаў? Можа вярнуцца? Будзе дом і праца… Разумееш мяне?
— Так, у эміграцыі хіба ўсе прайшлі праз такое. Ці праходзяць.
— Вось. І гэта тэма для мяне ў «Ордэне Белай Мышы» таксама важная. Што пераможа ў цябе? На які бок ты станеш? Застанешся чалавекам або… І мне б хацелася, каб той, хто будзе граць пісьменніка, паказаў, наколькі складаны выбар ён робіць. І мая задача як караля — не рабіць з яго ўзурпатара і дыктатара, а паказаць чалавека ў размове з іншым чалавекам. Ну вось — як мы зараз з табой размаўляем…
«А ведаеш, як цяжка выпрастацца перад такімі людзьмі?..»
— Табе асабіста цяжка было зрабіць той выбар — ехаць ці не?
— Я вагаўся паўгода. Куды мне, у 55, ехаць? З сабакамі! Пачынаць з нуля. Шукаць працу. Без дасканалага валодання мовай. А заставацца — ужо разумееш, што цябе чакае. Гэтае пытанне стаіць і перад Пісьменнікам.
Ведаеш, у жыцці заўсёды ёсць такі момант. Як у алкаголіка апошні кілішак: хлоп — і панеслася. І далей ужо не помніш, колькі піў і як тут апынуўся. Так і ў людзей: назапашваецца, назапашваецца, вагаецца, а потым раз — і выбар. І трэба несці за яго адказнасць. Мне вельмі шкада тых людзей, якія, ужо зрабіўшы выбар, пачынаюць вінаваціць кагосьці іншага ў тым, дзе яны ў выніку апынуліся. Кожны выбар робіць сам. Я неяк казаў ужо, што выбар, які мы робім, вызначае наш лёс. Я сапраўды ў гэта веру. І цяпер мы тут, у такіх во ўмовах. Я вымушаны працаваць таксістам, кур'ерам, нават грузчыкам. Але я ведаў, куды еду. І нясу за гэта адказнасць.
— Вернемся да Караля з «Ордэну Белай Мышы». Ці дапамагае табе ўвасобіцца ў вобраз дыктатара досвед сустрэчаў з Аляксандрам Лукашэнкам, з якім ты, як прызнаваўся раней, спатыкаўся 3 ці 4 разы. Больш за тое, Лукашэнка прышпільваў да тваіх грудзей ордэн Заслужанага артыста РБ. Добра, што не Белай Мышы…
— Ну, гэта амаль тое ж самае (смяецца). Так, нейкія моманты ўзнагароджання я згадваю. Перада мной былі людзі, яны ўсе падыходзілі і кланяліся Лукашэнку ледзь не ў пояс. А я думаю: не, я так рабіць не буду. Але пачынаю падыходзіць, ён працягвае мне руку — і я лаўлю сябе на тым, што мяне аўтаматычна складвае і што мне таксама хочацца ўпасць. Разумееш?..
Я потым сябе пытаў, што гэта, бляха, было? Бо ён стаіць і нічога не робіць. У нас, у актораў, ёсць такое, калі рэжысёр кажа, што ты павінен быць зверху. Гэта значыць — тлуміць, прыгнятаць партнёра. А калі «знізу» — падстройвацца, саступаць. Дык вось Лукашэнка — прыгнятае. Хоць ён невялікага росту — я вышэйшы. І калі я злавіў сябе на думцы, што хачу сагнуцца, я падышоў і — выпраміўся.
— Галоўнае — выпрастацца перад такімі людзьмі?
— А ты ведаеш, як гэта цяжка?.. Цяжка, таму што ён нясе такую энергетыку, якая простага чалавека ломіць яшчэ на падыходзе. Бо яму ўсё жыццё намаўлялі: ты ніхто, ніхто, ты раб. І калі ён бачыць перад сабой нібыта не раба — схіляецца. І гэта страшна, разумееш?
І я табе скажу, што калі ён прышпільваў мне гэты ордэн, а я стаяў выпрастаны і бачыў, што ён ніжэйшы за мяне, то думаеш, я адчуваў сябе пераможцам? Не! У мяне трэсліся каленкі… І што вось з гэтым рабіць? Не, я не баяўся, але мяне калаціла. Падсвядома.
— Вылазіць гэты рабскі ген, які нясём у сябе?
— Так, і вось чаму ў 2020 годзе я вельмі цешыўся, хоць меў тады вялікія праблемы з анкалогіяй. Калі я пабачыў моладзь на вуліцах, я зразумеў, што ў Беларусі ёсць будучыня. Маладыя не прызвычаіліся гнуцца і стаяць на каленях.
«Я шчыра лічыў, што не ўлада дае мне званне, а народ»
— Званне Заслужанага артыста атрымаў у 2011-м. Ты зрабіў выбар і не адмовіўся… Хоць была ўжо Плошча 2010-га.
— Я табе скажу. Быў і 2000-ы яшчэ, калі праз палітычную пазіцыю Валерыя Мазынскага развалілі тэатр «Вольная сцэна», дзе мы паставілі п’есу «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» па Брэхту. Гэта была капірка з Лукашэнкі. Я граў Артура Уі. І прызнаюся: я не разумеў, на халера выходзіць на пратэсты, калі мы маглі такое рабіць на сцэне. І я памыляўся. Як памыляюцца зараз мае калегі, якія засталіся ў Беларусі, працягваюць працаваць у тэатрах і кажуць, што яны «ратуюць тэатр». Гэта памылка. Пастка. Яны працуюць на ўладу, яны не могуць працаваць творча.
Не, я іх не крытыкую. Але казаць, што мы, маўляў, ратуем тэатр, — гэта хлусня і адмазка. Я прайшоў праз гэта. Меў у 2000 годзе такую ж адмазку. Я ў гэта верыў, але потым, калі прыйшоў Валерый Анісенка, увогуле не было такіх спектакляў. Я здзіўляўся, якім чынам прайшла «Адвечная песня» ў РТБД. Там гучыць у фінале: «Я чалавек!».
— За такое зараз 10 гадоў калоніі атрымаеш.
— Маеш рацыю. Пасля 2020 года з сайта РТБД, якому я аддаў 25 гадоў жыцця і якім два гады кіраваў, зніклі мае фотаздымкі і мае спектаклі. Як бы і не было мяне ў гісторыі тэатра.
— Але наўпрост ты не адказаў на пытанне, чаму ўсё ж у 2011-м не адмовіўся ўзяць ордэн з рук Лукашэнкі.
— Я лічыў, што я заслугоўваю. Было шмат зроблена, шмат спектакляў і галоўных роляў. Я ездзіў у іншыя краіны, дзе прадстаўляў Беларусь. І я шчыра лічыў, што гэта не ўлада дае мне званне, а народ. З часам гэта ўсё змяшалася…
Зрэшты, на ўзнагароджанні я сказаў, што ў краіне шмат актораў, якія заслугоўваюць такую адзнаку. Тых, каго не заўважылі. Разумееш, гэта такая прафесія. Трапіць у кіно ці атрымаць галоўную ролю — гэта вельмі часта залежыць не ад твайго таленту. Мой ганарар на пачатку кар'еры за здымачны дзень складаў 5 долараў. Але я не цураўся ніякай працы, згаджаўся на любыя здымкі, мяне сталі заўважаць і запрашаць рэжысёры і прадзюсары.
— Аж да таго, што быў намінаваны ў 2010 годзе на Оскара за «Дзверы»!
— Зноў-такі — пашчасціла. Проста так склалася. Рэжысёрка Хуаніта Уілсан зацвердзіла мяне, хоць на пробах было шмат актораў. Проста ўбачыла ўва мне гэтага Мікалая (галоўны герой стужкі). Так склалася.
«Мне здаецца, я ведаю, што зараз адчувае Зяленскі»
— Тое, як ты ледзь не адабраў келіх шампанскага ў Таранціна, стала ўжо легендай (смяецца). Але цяпер — з кім бы з вялікіх актораў ці палітыкаў выпіў бы шампанскага ці віскару?
— З Энтані Хопкінсам. (Паўза). І Уладзімірам Зяленскім. Калі б ён дазволіў, канешне. Цікава было б пагутарыць. Мне здаецца, я адчуваю Зяленскага. Мне здаецца, я ведаю, што ён адчувае зараз. І, шчыра кажучы, мне хочацца яго падтрымаць.
— А з беларускіх палітыкаў — з кім кульнуў бы?
— Ну, с Пал Палычам Латушкам я і так піў каву. Са Святланай Ціханоўскай таксама сустракаліся. Гэта было на сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы. На брударшафт не пілі, канешне, але паразмаўлялі добра.
Увогуле сітуацыя, якая зараз тут назіраецца, выклікае сум. Вельмі шкада, што палітыкі розных часоў тут, на эміграцыі, не могуць паміж сабой дамовіцца. Пачынаючы з Зянона Пазняка і далей. Бо мэта ва ўсіх адна. Трэба, каб яны аб'ядналіся, каб змаглі дапамагчы адзін аднаму.
— Ігар, ты пайшоў у Каардынацыйную Раду. Хіба сам маеш палітычныя амбіцыі?
— Не, не маю. Але, відаць, у мяне не было іншага выйсця. Чаму? Таму што, выбачаюся за нясціпласць, я медыйная асоба. І для шмат каго маё меркаванне і мая пазіцыя вельмі важныя. Калі хочаш, я такі трошкі індыкатар — робіцца правільна ці не. Людзі давяраюць мне. Бо, як мне здаецца, я нічым не скампраметаваў сябе як чалавек. Калі памыляўся, то казаў: мая памылка.
У мяне была мара. І зараз ёсць. Гэта — аб'яднаць. Я ўвесь час казаў на сустрэчах з беларусамі перад выбарамі ў КР: «Згадайце 2020-ы, калі вы ўсе разам выходзілі на вуліцы! Ці было вам страшна? Не! А Лукашэнку было страшна? Было. Такое можа быць, толькі калі мы разам». Таму для мяне быць у КР — гэта магчымасць сказаць, што мы зрабілі ўсё правільна.
Цяжка? І мне цяжка. Але ў нас ёсць мэта, да якой мусім ісці.
— Хацеў яшчэ нешта пра Каардынацыйную Раду спытацца…
— Не, лепш не пытайся (смяецца).
— Добра, скажы мне як актор: КР — гэта тэатр? І ці цікавы?
— Зразумела, тэатр. Не ў благім сэнсе. Там усё ёсць — і канфлікты, і персанажы. Я гляджу, прыслухоўваюся да дыялогаў. Я і ў таксоўцы так раблю. Спрабую разгадаць, што за чалавека вязу, чаму ён сумны, што магло здарыцца. Можна ўжо п'есу пісаць (Ігар распавядае некалькі гарачых гісторыяў пра пасажыраў. Калі будзеце з ім ездзіць, папрасіце расказаць пра цёмнаскурага француза, які шукае ў Варшаве сваю жонку з дзіцяці — рэд.).
«Ордэн Белай Мышы» — доказ таго, што ўсё мы зрабілі правільна»
— Будзем чакаць тваю «таксоўную» (не «таксічную»!) п'есу. А калі спадзявацца на прэм'еру «Ордэну Белай Мышы»?
— Папярэдне, наколькі ведаю, плануецца на 1 лістапада. Але пакуль што ўсё складана. Зрабіць касцюмы — трэба грошы, дэкарацыю — грошы, арэнда пляцоўкі для рэпетыцыяў — таксама. А адкуль іх браць? Таму абвясцілі збор на «Гронцы». Я ўжо казаў на радыё, што мы трапілі ва ўмовы камерцыі. Капіталізму. Рынку. І гэта нармалёва. Але грошы «на вецер» тут проста так ніхто не дае. Да мецэната трэба прыходзіць з чымсьці гатовым. Ну пра гэта можна доўга разважаць. Прэм'ера «Ордэна» чакаецца на «Сцэне Хмельнай» («Scena Chmielna») у Варшаве.
— Чаму вельмі важна, каб гэты спектакль пабачылі беларусы ў эміграцыі?
— Як на маю думку, бо не магу сказаць за рэжысёра, спектакль «Ордэн Белай Мышы» будзе доказам таго, што мы зрабілі ўсё правільна. Балюча, але — правільна. І гэта п'еса ў тым ліку і пра той дыктат, які спакушае нас цукерачкамі — вяртайцеся, напішыце пакаянны ліст, можа троху адсядзіце, але будзеце ўдома. Гэта ўсё замануха!
У «Ордэне» вельмі шмат пластоў і пытанняў падымаецца. Але гэта і аб тым, што тое, што мы зрабілі ў 2020 годзе і што робім зараз, — гэта правільны выбар. З дыктатам трэба змагацца. Так або інакш. Нават тым, што ты з'ехаў і не плаціш яму падаткі. У мяне забралі ўсё ў Беларусі. Прафесію забралі, дом забралі… Цяжка. Але я працягваю штосьці рабіць…