Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла праект закона аб зменах кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці
У прыватнасці, прапануюцца змены па пытаннях крымінальнай адказнасці за нарказлачынствы.
17.09.2024 / 13:28
Ілюстрацыйнае фота
Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла праект закона аб зменах кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці.
Праектам прапануецца замацаваць абмежаванні для пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі — не прызначаць пазбаўлення волі непаўналетнім, жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў, інвалідам I групы, якія ўпершыню ўчынілі злачынства, што не мае вялікай грамадскай небяспекі або менш цяжкае злачынства, не спалучанае з гвалтам, альбо пагрозай яго прымянення.
Гэтая норма не будзе адносіцца да тых, хто здзейсніў злачынства «экстрэмісцкай накіраванасці».
Таксама пашыраецца «кола злачынстваў», за якія грамадзяне будуць несці адказнасць пры іх здзяйсненні за межамі краіны. У яе ўключаны злачынствы тэрарыстычнай накіраванасці, дыскрэдытацыя Беларусі, абраза альбо паклёп у дачыненні Лукашэнкі, здзек з дзяржсімвалаў.
Прапануюцца змены па пытаннях крымінальнай адказнасці за нарказлачынствы — змякчэнне пакарання па частцы 1 артыкула 328 — за куплю і захоўванне наркатычных і псіхатропных рэчываў. Згодна з дзеючым кодэксам гэтая частка артыкула прадугледжвае абмежаванне волі да 2 гадоў або пазбаўленне волі тэрмінам ад 2 да 5 гадоў. Законапраект прапануе дадаць яшчэ адно пакаранне — арышт на тэрмін да трох месяцаў.
У частку 2 артыкула 328 КК — выраб і захоўванне наркотыкаў з мэтай збыту — аўтары праекта прапануюць дадаць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі «за разавыя выпадкі іх збыту».
Згодна з законапраектам, памяншаецца ніжні парог пакарання па частцы 4 артыкула 328 КК — збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы. Мінімальны парог у 10 гадоў за такое злачынства прапануецца замяніць 8 гадамі.
За незаконны абарот сродкаў плацяжу прапануецца захаваць крымінальную адказнасць для тых, хто распаўсюдзіў рэквізіты чужых банкаўскіх карт, і ўвесці адміністрацыйную адказнасць для тых, хто прадаставіў рэквізіты сваіх уласных.
Частка злачынстваў прапануецца перавесці ў справы прыватна-публічнага абвінавачвання — парушэнні правілаў дарожнага руху або эксплуатацыя транспартных сродкаў, якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання і ўчыненым блізкімі асобы.
Закон прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс.