Шрайбман патлумачыў, чым лідарства Ціханоўскай важнае для альтэрнатыўнай Беларусі
«Персаналія лепш увасабляе альтэрнатыўны праект Беларусі».
17.09.2024 / 17:48
Святлана Ціханоўская
У новым выпуску ютуб-канала Carnegie Politica эксперта Берлінскага цэнтру Карнэгі Арцёма Шрайбмана папрасілі патлумачыць, наколькі важна наяўнасць лідара для існавання беларускай апазіцыі.
Па словах аналітыка, наяўнасць у беларускай апазіцыі лідара ў асобе Святланы Ціханоўскай «мае даданую вартасць».
«Без яе сітуацыя была б горшай. Не таму, што яна нейкім цудадзейным чынам арганізуе дзейнасць апазіцыі, і апазіцыя становіцца эфектыўней. Не.
Проста гэта напрамую паўплывала на магчымасці альтэрнатыўнай Беларусі атрымліваць міжнародную ўвагу, лабіраваць нейкія важныя для сябе пытанні, звязаныя з такімі практычнымі тэмамі, кшталту закрытых-адкрытых пагранпераходаў, віз, адукацыйных магчымасцей, дыскрымінацыі/недыскрымінацыі беларусаў».
Арцём Шрайбман. Скрын відэа: carnegiepolitika / YouTube
Акрамя гэтага, на погляд аналітыка, «персаналія лепш увасабляе альтэрнатыўны праект Беларусі».
«2020 год, які ў цэлым у заходнім свеце ўспрымаецца як паражэнне Лукашэнкі на выбарах, даў гэтую дуальнасць успрыманню Беларусі: ёсць адна Беларусь, [а] ёсць Беларусь альтэрнатыўная, якая пры іншых гістарычных уводных хутчэй за ўсё зліецца з рэальнай, з той, якая знаходзіцца ўнутры краіны, у яе межах, і мае нядрэнныя шанцы ўзначаліць [краіну]».
«Я не гавару канкрэтна пра Святлану Ціханоўскую, а пра прадстаўнікоў прадэмакратычнага падыходу — калі хочаце, ідэалогіі, — бо 2020 год паказаў вялізны запыт на альтэрнатыўны шлях развіцця», — удакладняе аналітык.
Шрайбман заўважае, што ў цяперашніх умовах няма нейкай палітычнай барацьбы, у якой лідарства сапраўды мае значэнне: «больш-менш легітымнае прадстаўніцтва мае значэнне для таго, каб у вострыя моманты прымаць важныя лёсавызначальныя рашэнні, якія будуць прызнавацца ўсімі ўдзельнікамі пратэсту ці дэмакратычнага руху».
«Гэта тое, чаго не хапала беларускай апазіцыі ў 2020-м годзе. Была нейкая разгубленасць, было нейкае неразуменне, як дзейнічаць далей, была сталая дэкапітацыя кіраўніцтва апазіцый. Лідараў саджалі, выганялі з краіны, новыя з'яўляліся, іх саджалі, і не ствараўся ўстойлівы механізм кіравання гэтым рухам.
Таму ў гэтым сэнсе не тое, каб гэтае лідарства было неабходна для ўнутранай палітыкі ў Беларусі, але яно неабходна для знешняй, яно безумоўна дапамагае дыпламатыі», — тлумачыць Шрайбман.
Латушка патлумачыў, чаму апазіцыя падпісала пратакол аб лідарстве Ціханоўскай
Шрайбман дае каментары толькі тым расійскім медыя, якія гатовыя за гэта данаціць Украіне