Еўрасаюз нарасціў выпуск снарадаў больш чым у два разы. Украіне будзе палёгка

Да канца года выпуск Еўрасаюзам 155-мм артылерыйскіх снарадаў мае выйсці на ўзровень 1,4 мільёна за год.

18.09.2024 / 12:03

Украінскі вайсковец устаўляе ўзрывальнік для 155-мм артылерыйскага снарада. Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka

Выступаючы 17 верасня на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента, прысвечаным фінансавай і вайсковай дапамозе Украіне, намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі Валдзіс Дамброўскіс заявіў, што краіны ЕС працуюць над выкананнем сваёй сумеснай ініцыятывы па пастаўцы аднаго мільёна 155-мм артылерыйскіх снарадаў у год Украіне. На гэты момант выканана прыблізна 70% абяцанага.

Як адзначыў Дамброўскіс, прыняцце закона аб накіраванні 500 мільёнаў еўра на пашырэнне вытворчасці боепрыпасаў прыносіць свае вынікі. Чакаецца, што да канца 2024 года вытворчыя магутнасці краін-членаў ЕС дасягнуць не менш за 1,4 мільёна снарадаў за год.

Намеснік старшыні Еўракамісіі адзначыў, што намаганні па павелічэнні вытворчасці боепрыпасаў і ўмацаванні еўрапейскага абароннага прамысловага патэнцыялу з'яўляюцца важнымі для забеспячэння працяглай дапамогі Украіне, а таксама для папаўнення запасаў дзяржаў-членаў.

Варта адзначыць, што Міністэрства абароны Эстоніі ў канцы 2023 года ацэньвала магутнасці еўрапейскіх вытворцаў прыкладна ў 600 тысяч снарадаў у год. Нямецкі вытворца Rheinmetall у пачатку 2024 года ацэньваў магутнасці ўсіх заходнееўрапейскіх вытворцаў зброі прыкладна ў 550 тысяч снарадаў у год.

Вынікае, што да канца года вытворчасць павінна вырасці больш чым у два разы. Гэта істотна павялічыць забеспячэнне Украіны гэтым відам зброі.

Як не раз паведамлялася, Украіна заяўляла, што ёй неабходна прыкладна 200 тысяч 155-мм артылерыйскіх снарадаў на месяц. Частку з гэтага аб'ёму яна закупляе самастойна.

Украіна нарошчвае вытворчасць уласнай зброі, але ці дастаткова хутка?

Нямецкі канцэрн атрымаў рэкордную замову на пастаўку боепрыпасаў

Саюзнікі Украіны назбіралі грошай на 800 тысяч снарадаў

У вайне пераможа той, у каго будзе больш снарадаў. Ці можа гэта быць Украіна?

Nashaniva.com