Ізраіль яшчэ на вытворчасці заклаў выбухоўку ў тайваньскія пэйджары для «Хезбалы» — Reuters
Са слоў крыніц агенцтва, ізраільскія спецслужбы мадыфікавалі пэйджары на вытворчым узроўні, заклаўшы ў кожны да трох грам выбухоўкі. Яна здэтанавала, калі на пэйджары прыйшоў спецыяльны код.
18.09.2024 / 10:50
Спецслужба Ізраіля «Масад» заклала невялікую колькасць выбухоўкі ў 5000 тайваньскіх пэйджараў, якія замовіла ліванская групоўка «Хезбала», за некалькі месяцаў да выбухаў. Пра гэта паведаміла Reuters са спасылкай на крыніцы.
У выніку дэтанацыі выбухнулі тысячы пэйджараў па ўсім Ліване, забіўшы дзевяць чалавек і параніўшы каля 3000, у тым ліку баевікоў групоўкі і пасла Ірана ў Бейруце, які страціў вока.
Некалькі крыніц паведамілі агенцтву Reuters, што змова рыхтавалася шмат месяцаў. Высокапастаўленая крыніца ў ліванскай службе бяспекі паведаміла, што групоўка замовіла 5000 пэйджараў тайваньскай кампаніі Gold Apollo, якія, па словах некалькіх крыніц, былі ўвезены ў краіну вясной.
Баевікі «Хезбалы» выкарыстоўваюць пэйджары як нізкатэхналагічныя сродкі сувязі, спрабуючы пазбегнуць ізраільскага адсочвання іх месцазнаходжання, паведамілі крыніцы, знаёмыя з дзейнасцю групоўкі.
Але прылады былі мадыфікаваныя ізраільскай шпіёнскай службай «на вытворчым узроўні».
«Масад убудаваў у прыладу плату з выбуховым матэрыялам, якая атрымлівае код. Яе вельмі цяжка выявіць нават з дапамогай прылады або сканара», — сказала крыніца.
Крыніца паведаміла, што 3000 пэйджараў выбухнулі, калі на іх было адпраўлена закадаванае паведамленне, актываваўшы выбухоўку.
Іншая крыніца ў органах бяспекі паведаміла агенцтву Reuters, што ў новых пэйджарах было схавана да трох грамаў выбухоўкі, якая месяцамі заставалася незаўважанай «Хезбалой».
Тайваньская кампаня Gold Apolo заявіла, што не вырабляла гэтыя пэйджары.