Следства па справе ксяндза Генрыка Акалатовіча скончанае

Пробашч парафіі ў Валожыне чакае суда па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве». Следства па яго справе завершана, і чакаецца, што суд будзе прызначаны на канец верасня ці пачатак кастрычніка.

18.09.2024 / 11:58

Ксёндз Генрых Акалатовіч. Фота: katolik.life

Святар знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску з лістапада 2023 года, пра яго справу афіцыйна нічога не паведамляецца. Суд пройдзе ў закрытым рэжыме, таму тое, у чым канкрэтна абвінавачваюць пробашча, не стане вядома і падчас суда. Ксёндз Генрых не прызнае сябе вінаватым, мае кепскі стан здароўя.

Каля месяца таму Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які ўжо завяршыў сваю місію ў Беларусі, сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле афіцыйнага паведамлення, «падчас сустрэчы былі закрануты таксама пытанні, якія хвалююць каталіцкую супольнасць у Беларусі, Лукашэнка паабяцаў іх разгледзець і паспрыяць іх хутчэйшаму вырашэнню».

Вернікі, добра знаёмыя з сітуацыяй ксяндза Генрыха Акалатовіча, адзначаюць, што чакалі па выніках гэтай сустрэчы вызвалення святара, піша katolik.life.

Вернікі лічаць, што валожынскага пробашча могуць вызваліць пасля суда праз працэдуру памілавання — дзеля таго, каб «хворы чалавек не памёр у турме, каб не было шуму»:

«Хаця, якое можа быць «памілаванне», калі ксёндз Генрых не прызнае сябе вінаватым? Але ў цяперашняй сітуацыі самае галоўнае — выйсці адтуль любымі метадамі, а потым час усё расставіць на свае месцы. Усё ў руках толькі аднаго Бога — таму трэба не пакідаць малітву».

«Нібыта нанёс шкоду ў мільён еўра?» Што вядома пра пробашча Генрыха Акалатовіча, які дзевяць месяцаў знаходзіцца за кратамі

Nashaniva.com