Чалы тлумачыць, чаму ў Беларусі растуць даходы і людзі пабеглі па крэдыты
Рэальныя заробкі ў Беларусі растуць, спажывецкія крэдыты таксама ставяць рэкорды. Чым гэта тлумачыцца?
18.09.2024 / 14:40
У новым выпуску праграмы «Чалы: эканоміка» аналітык Сяргей Чалы звярнуў увагу на паскарэнне росту даходаў беларусаў.
У чэрвені 2024 года рэальная заработная плата павялічылася на 11,2% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а ў ліпені — на 15,4%. Гэта самы высокі тэмп росту з кастрычніка мінулага года.
Па гэтым паказчыку Беларусь апярэджвае Расію. Паводле даных Еўразійскай эканамічнай камісіі, за студзень—чэрвень 2024 года сярэднемесячная намінальная зарплата ў Беларусі вырасла на 13%, у той час як у Расіі — на 9,4%. Такім чынам, тэмпы росту ў Беларусі ў 1,5 раза вышэйшыя, чым у Расіі, дзе сітуацыя на рынку працы яшчэ больш напружаная.
Сяргей Чалы. Скрын відэа: Belarus_Files / YouTube
Сяргей Чалы адзначае, што часткова такі хуткі рост даходаў тлумачыцца складанай сітуацыяй на рынку працы, але гэта не адзіны фактар. Павышэнне даходаў насельніцтва таксама звязана з палітыкай ураду перад наступнымі прэзідэнцкімі выбарамі.
Расце ўзровень спажывецкага крэдытавання. Насельніцтва актыўна карыстаецца крэдытамі для пакрыцця спажывецкіх патрэб, у той час як жыллёвае крэдытаванне не паказвае такіх высокіх тэмпаў росту.
Па статыстыцы, абавязацельствы фізічных асобаў у параўнанні са станам на 1 жніўня мінулага года павялічыліся на 26,1%. Запазычанасць па спажывецкіх крэдытах дасягнула гістарычнага максімуму — за 12 месяцаў яна вырасла на 42,4%.
«Гэта сведчыць пра павышэнне ўпэўненасці ў заўтрашнім дні», — адзначае Чалы. Аднак на дынаміку ўплываюць таксама псіхалагічныя фактары: беларусы імкнуцца скарыстацца спрыяльнымі ўмовамі цяпер.
«Беларусы — рацыянальныя людзі, і яны разумеюць, што тое, што даюць сёння, хутчэй за ўсё, потым забяруць іншым спосабам», — заўважае эксперт.
Чалы лічыць, што ў будучыні даходы найхутчэй перастануць расці праз інфляцыю.
Чалы: Чым даўжэй Лукашэнка марудзіць з выбарамі, тым больш аргументаў, каб яму не ісці
Чаму ў Беларусі растуць зарплаты і ці надоўга захаваецца тэндэнцыя?
Чалы спрагназаваў, што будзе ў краіне, калі Лукашэнкі не стане, і да чаго рыхтавацца беларусам