«$120 — і я пакіну цябе ў спакоі». Махляр заблакаваў айфон беларускі і запатрабаваў выкуп

На мінулым тыдні ў Дыяны перастаў працаваць тэлефон.

18.09.2024 / 13:20

Пры спробе ўключыць смартфон яна ўбачыла тэкст наступнага зместу: «Зніклы iPhone. Для разблакіроўкі пісаць сюды», паведамляе Onliner.by.

Як менавіта ашуканцы атрымалі доступ да смартфона, Дыяна не ведае. Яна мяркуе, што ў іх аказаўся доступ да яе Apple ID, праз які iPhone быў пазначаны як згублены.

Прытым прылада блакуецца код-паролем, а на экран выводзіцца паведамленне для таго, хто тэлефон знойдзе. Гэтым «кімсьці» аказалася Дыяна, сапраўдная ўладальніца апарата.

Дзяўчына звязалася з названым у паведамленні кантактам.

Суразмоўца запатрабаваў выкуп у памеры $120: «Наўзамен я не чапаю твой айфон, выходзім з «айклаўда», і ты далей жывеш сваім спакойным жыццём і працягваеш спакойна карыстацца тэлефонам, быццам нічога не было». 

Плаціць Дыяна адмовілася. Замест гэтага вырашыла звярнуцца ў міліцыю. Пры гэтым кажа, што разумее — з гэтага наўрад ці нешта выйдзе і тэлефон яна, хутчэй за ўсё, страціла.

Пакуль самым незразумелым у гэтай гісторыі застаецца пытанне таго, як менавіта ашуканцы маглі ўвайсці ва ўліковы запіс дзяўчыны. На самай справе яны, верагодна, гэтага нават не рабілі.

Яшчэ некалькі месяцаў таму былі распаўсюджаныя выпадкі, калі злачынцы спачатку ўзломвалі чый-небудзь месенджар, а потым ад імя карыстальніка пісалі яго кантактам з просьбай увайсці ў чужы акаўнт (які належыць ашуканцам) пад любой падставай. Як толькі хто-небудзь гэта робіць, зламыснікі адразу блакуюць смартфон, толькі што прывязаны да ўліковага запісу.

Дыяна не ўдакладніла, ці здаралася з ёй нешта падобнае. Але калі адказ «так», то вы цяпер ведаеце, чаго рабіць не трэба: не трэба не толькі дзяліцца сваім Apple ID, але і заходзіць у чужыя акаўнты.

Nashaniva.com