Суд ЕС адмовіўся здымаць санкцыі з «Беларуськалія» і Беларускай калійнай кампаніі

Суд ЕСЗ адмовіў у задавальненні пазоваў «Беларуськалія», ягонага гендырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі да Рады ЕС аб адмене санкцый, піша Радыё Свабода.

18.09.2024 / 14:56

Юрысты, якія прадстаўляюць беларускага вытворцу ўгнаенняў, настойвалі на тым, што санкцыі парушаюць прынцып законнасці. Акрамя таго, у якасці аргументаў яны ўказвалі на памылку ў ацэнках, парушэнне прынцыпу недыскрымінацыі, прапарцыйнасці абмежавальных мераў і інш.

Разгледзеўшы аргументы беларускага боку, а таксама прадстаўнікоў Рады ЕС і Латвіі і Бельгіі, якія падтрымлівалі Раду ў судзе, суд прыняў рашэнне адхіліць пазоў «Беларуськалія». «Беларуськалій» таксама павінен будзе аплаціць судовыя выдаткі, панесеныя Радай ЕС. Латвія і Бельгія самі будуць несці свае выдаткі.

Таксама 18 верасня апублікавалі рашэнні суда па пазовах «Беларускай калійнай кампаніі» і гендырэктара «Беларуськалія» Івана Галаватага. Яны таксама дамагаліся адмены рашэнняў аб прымяненні санкцый. У гэтых пазовах Раду ЕС падтрымлівала Латвія.

Гэтыя пазовы суд таксама адхіліў. Пазоўнікі павінны будуць пакрыць судовыя выдаткі Рады ЕС.

Nashaniva.com