Наталля Качанава расказала, што яе непакоіць

«Ніхто не мае права вызначаць лёс Беларусі. І гэта тычыцца кожнай дзяржавы», — заявіла старшыня Савета Рэспублікі.

18.09.2024 / 15:30

Наталля Качанава. Фота: Савет Рэспублікі

Наталля Качанава кажа, што беларускіх жанчын не можа не турбаваць эскалацыя сітуацыі вакол Беларусі.

«Сістэматычныя спробы ўмяшання звонку ва ўнутраныя справы нашай краіны, эканамічны ціск, мілітарызацыя прыгранічнай прасторы і ваенныя правакацыі, узвядзенне жалезных заслонаў. Мы асуджаем нелегітымную санкцыйную палітыку краін Захаду, стварэнне штучных бар'ераў для перамяшчэння грузаў і тавараў, свабоды перамяшчэння грамадзян, а таксама шматлікія дыскрымінацыйныя рашэнні ў краінах так званай «развітой дэмакратыі», у аснове якіх — грубыя парушэнні правоў чалавека», — кажа Наталля Качанава.

Яна кажа, што варта заклікаць міжнародныя арганізацыі «эфектыўна выконваць свае мандаты, забяспечваць захаванне прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў, дамагацца спынення санкцыйнага самавольства, пагаршае глабальныя праблемы чалавецтва».

«Ніхто не мае права вызначаць лёс Беларусі. І гэта тычыцца кожнай дзяржавы», — заявіла Наталля Качанава.

Nashaniva.com