У Расіі затрымалі былога лідара руху за суверэнітэт Татарстана

У Расіі ў горадзе Набярэжныя Чаўны сёння быў затрыманы былы старшыня Усетатарскага грамадскага цэнтра Зінур Агліулін. У верасні сёлета ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула КК РФ аб «распальванні міжнацыянальнай варожасці» паміж расейцамі і татарамі, піша «Радыё Свабода».

18.09.2024 / 18:16

Зінур Агліулін

Жонка Агліуліна паведаміла, што раніцай да іх у дом уварваліся паліцэйскія і правялі ператрус. Адзін са следчых паведаміў, што на Агліуліна адкрытая крымінальная справа «за прапаганду экстрэмізму». Жонка актывіста таксама дадала, што ператрусы прайшлі і ў іншых актывістаў арганізацыі.

Паводле звестак тэлеграм-канала «Татарская якудза», летась Зінур Агліулін далучыўся да руху «Татарская народная партыя Янгарыш», які ў жніўні гэтага года быў прызнаны экстрэмісцкім Вярхоўным судом Татарстана. Агліулін нібыта ўзначальваў аддзяленне Янгарыш у Набярэжных Чаўнах і прыцягваў новых прыхільнікаў.

Усетатарскі грамадскі цэнтр (УТГЦ) — найбольш вядомае грамадска-палітычнае аб’яднанне татарскага нацыянальнага руху. Ён быў заснаваны ў 1988 годзе. У пачатку 1990-х гадоў арганізацыя патрабавала надання Татарстану паўнавартаснага суверэнітэту. У апошнія гады свайго існавання УТГЦ выступаў у падтрымку асаблівага статусу рэспублікі, а таксама ў абарону татарскай мовы як дзяржаўнай у рэгіёне.

У студзені 2021 года пракуратура Татарстана запатрабавала прызнаць УТГЦ «экстрэмісцкім». Нагляднае ведамства выявіла прыкметы экстрэмізму ў выступах татарскіх актывістаў на мітынгу ў памяць пра ахвяры расійскага захопу Казані ў XVI стагоддзі.

10 чэрвеня 2022 года УТГЦ быў прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй і ліквідаваны па рашэнні Вярхоўнага суда Татарстана.

У Расіі татарскую журналістку асудзілі на 6,5 гадоў за «фэйкі пра армію»

«Прачніцеся, ніхто вас не абароніць». Кіраўнік Татарстана не верыць у магчымасці расійскай СПА

Нічога не скончылася. Беларускі гісторык расказаў пра сваё захапляльнае падарожжа ў Татарстан

Nashaniva.com