У цэнтры Таліна з'явіліся вялікая крама беларускай тэхнікі і бістро «Беларусь». Што адбываецца?

Новыя вывескі напужалі мясцовых жыхароў.

19.09.2024 / 11:35

Бістро «Беларусь» на Нарвскай шашы ў Таліне. Кадр з тыктока

У сацсетках заўважылі, што Нарвскую шашу, галоўную вуліцу горада, захапілі шматлікія ўстановы з рускамоўнай рэкламай. Гэта самае сэрца сталіцы, за некалькі крокаў ад Старога горада.

«Пицца Ареццо», «Китайская кухня», «Туристическое агентство», «Бюро путешествий», «Вино Вино», банк «Кравченко и партнёры», студыя прыгажосці «Весна», аптэка «Миронов» — такія надпісы цяпер красуюцца на фасадах дамоў у Таліне.

Побач бістро «Беларусь», а ў вокнах рэклама вялікай беларускай крамы бытавой тэхнікі, якая абяцае велізарныя зніжкі. Дый саму Нарвскую шашу перайменавалі — на аншлагах яна стала называцца вуліцай Ткалава.

@daryamavendee ЧТО ПРОИСХОДИТ?! #таллинн #эстония #tallinn ♬ CRAZY - LE SSERAFIM

Вядома, пераўвасабленне Таліна ва ўмоўны Мінск звязана з тым, што ў горадзе праходзяць здымкі.

«Уявіце рэакцыю людзей, якія не ў курсе здымкаў. Вырашаць, што нас захапілі», — жартуюць мясцовыя жыхары.

Восенню ў Эстоніі пачаліся здымкі новага амерыканскага серыяла «Агенцтва» (The Agency) ў жанры шпіёнскага трылера. Серыял здымаюць студыі Paramount+ і Showtime. Прадзюсарамі выступілі Джордж Клуні і Грант Хеслаў, галоўную ролю сыграе Майкл Фасбендэр, таксама ў серыяле з'явяцца такія зоркі як Джэфры Райт і Рычард Гір.

Серыял заснаваны на французскім серыяле «Бюро легенд» (Le Bureau des Légendes), які выходзіў на Canal+ з 2015 па 2020 год.

Майкл Фасбендэр сыграе галоўную ролю ў будучым серыяле «Агенцтва». 

Дзеянне серыяла разгортваецца ў аддзеле, які адказвае за падрыхтоўку агентаў пад глыбокім прыкрыццём, якія выконваюць працяглыя разведвальныя заданні і гадамі жывуць пад чужой маскай.

Вядома, Беларусь, якая ў апошнія гады ператварылася ў «шэрую зону» Еўропы і варожую да Захаду краіну, ідэальна пасуе для шпіёнскіх прыгод. Раней у такой якасці часта выступалі посткамуністычныя Балканы.

У Эстоніі, як і ў іншых краінах, дзейнічае праграма падтрымкі здымак замежных кінапраектаў на яе тэрыторыі. У рамках такой праграмы кампенсуецца 20-30% выдаткаў на здымкі. Краіна нічога не страчвае, бо грошы ў куды большым аб'ёме вяртаюцца ў бюджэт у выглядзе падаткаў і іншых выдаткаў кінастудыі.

Сцэна пагоні на вуліцы Лаагна ў Таліне. Кадр з фільма «Tenet»

Шырока пра Талін як добрае месца для здымак у свеце даведаліся пасля фільма «Tenet» Крыстафера Нолана. На магістральнай вуліца Лаагна ў спальным раёне Ласнамяэ была знята сцэна пагоні для гэтага фільма.

Беларусь жа сёння ператварылася не ў выгоднае месца для галівудскіх праектаў, а ў дармовую базу для расійскіх кіношнікаў.

{DONATE_PAYPAL}

Ф. Раўбіч