У Мінску прадаюць 8-пакаёвую кватэру. Колькі просяць?

Паглядзелі, як выглядае і колькі каштуе такая вялізная кватэра.

19.09.2024 / 16:52

Фота тут і далей: realt.by

Двухузроўневая васьміпакаёўка знаходзіцца па суседстве з «Домам Чыжа». Дакладны адрас — Старажоўская, 8. Агульная плошча кватэры — 265 «квадратаў». Месціцца яна на 11 і 12 паверхах дома 1997 года пабудовы.

Самы вялікі пакой у кватэры — двухузроўневая гасцёўня плошчай 33 м². Кухня мае плошчу 22 м². На кожным паверсе вельмі прасторныя калідоры па 37 і 33 «квадраты» адпаведна.

У кватэры два санвузлы памерам 8 м², яны знаходзяцца па цэнтры кожнага паверху.

З кухні на першым паверсе і з хола на другім можна выйсці на прасторную лоджыю.

Ацаніць інтэр'еры даволі складана, бо з васьмі пакояў есць толькі фоты гасцёўні, зробленыя з розных ракурсаў. 

Мяркуючы па дызайне інтэр'еру і мэблі, можна прыйсці да высновы, што апошні раз грунтоўны рамонт у гэтай кватэры рабілі недзе ў пачатку нулявых.

Эксклюзіўную кватэру ацанілі ў 730 тысяч даляраў або па 2760 даляраў за «квадрат».

Nashaniva.com