Вельмі дзіўны грыб вырас у Белавежскай пушчы

Незвычайна рэдкі і ў пэўным сэнсе нават унікальны грыб быў знойдзены ў Белавежскай пушчы. Гэта герыцый грабеністы або, па-навуковаму, Hericium erinaceus Pers, гаворыцца на сайце Нацыянальнага парка.

20.09.2024 / 09:59

Знаходкі гэтага грыба на тэрыторыі краіны можна літаральна па пальцах пералічыць і ўсе яны былі зробленыя менавіта ў нашай Белавежскай пушчы.

Упершыню герыцый грабеньчаты быў адзначаны Паўлам Кірылавічам Міхалевічам — вядомым пушчанскім міколагам — у 1967 годзе. Наступная знаходка належыць супрацоўнікам лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі — яны знайшлі герыцый у 2016 годзе, г.зн. праз амаль 50 гадоў. У гэтым годзе таксама пашчасціла адзначыць гэты ўнікальны грыб адразу ў трох месцах.

Вырастанне герыцыя грабеньчатага ў Белавежскай пушчы заканамерная з'ява. Ён патрабавальны не толькі да асаблівых умоў увільгатнення і тэмпературнага рэжыму, але і наўпрост залежыць ад субстрата — мёртвай драўніны. І запаведныя некранутыя пушчанскія лясы з вялікай колькасцю мёртвай драўніны на розных стадыях раскладання — гэта сапраўдны прытулак для такога рэдкага і капрызнага госця. Аддае перавагу расці герыцый на дубе або грабе, часам сустракаецца і на аслабленых, яшчэ жывых дрэвах.

Nashaniva.com