Чаму каты і кошкі так лёгка пралазяць у вузкія шчыліны? І не толькі
І чаму каты наогул любяць хавацца ў вузкіх месцах?
20.09.2024 / 14:34
Кошкі вядомыя сваёй здольнасцю пралазіць праз неймаверна вузкія адтуліны. Але ў чым крыецца іх сакрэт? Уся справа ў асаблівасцях будовы іх цела, гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе iScience, піша RTVi.
Галоўная прычына гнуткасці катоў — іх плечавы пояс. У людзей лапаткі і ключыцы моцна злучаныя косткамі, а ў катоў яны прымацаваныя да цела толькі пры дапамозе цягліц. Гэта дае ім большую свабоду рухаў. Акрамя таго, ключыцы ў гэтых жывёл самі па сабе мініяцюрныя, што дазваляе ім з лёгкасцю праціскацца ў вузкія шчыліны.
«Гэта эвалюцыйная перавага дапамагае катам паляваць на дробную здабычу і хавацца ад драпежнікаў», — распавяла кіраўнік Міжнароднага таварыства кацінай медыцыны ў Вялікабрытаніі Наталі Доўграу.
Яшчэ адна важная дэталь — каціныя вусы.
Яны не толькі доўгія і шчыльныя ў параўнанні з астатняй расліннасцю на целе жывёлы, але і моцна адчувальныя. На іх сканцэнтравана мноства нервовых канчаткаў, якія дапамагаюць катам ацэньваць, ці змогуць яны пралезці ў адтуліну.
Дарэчы, некаторыя навукоўцы задаваліся пытаннем: «А ці не вадкія кошкі?». Фізік з Парыжскага ўніверсітэта Дзідро Марк-Антуан Фардэн у 2017 годзе атрымаў за гэта даследаванне Шнобелеўскую прэмію.
У апошнім жа даследаванні высветлілася, што кошкі сапраўды могуць быць «(амаль) вадкімі», пралазячы ў адтуліны, меншыя за іх грудную клетку. Гэта звязана з тым, што яны добра разумеюць памеры свайго цела і выбіраюць розны падыход для вузкіх і нізкіх адтулін.
А чаму каты наогул любяць хавацца ў вузкіх месцах? Аказваецца, яны робяць гэта, калі адчуваюць стрэс або хочуць адчуць сябе ў бяспецы.
«Калі кот напалоханы ці хоча адасобіцца, ён выбірае невялікія прасторы, каб адчуваць сябе ў бяспецы», — заявіла Доўграў.
Такім чынам, каціная гнуткасць — гэта не толькі вынік будовы цела, але і важная частка паводзін жывёл.