Вользе Гарбуновай завочна мяняюць абмежаванне волі на калонію

25 верасня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска Вікторыя Баранава будзе разглядаць справу Вольгі Гарбуновай адносна «замены абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу», піша «Вясна».

20.09.2024 / 16:24

Вольга Гарбунова ў 2023 годзе

Вольга — актывістка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту. Яе затрымалі 9 лістапада 2021 года і завялі справу паводле арт. 342 (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Пазней Вользе прысудзілі тры гады «хатняй хіміі». Актывістку адпусцілі з-пад варты ў зале суда, пасля чаго яна пакінула Беларусь.

Пасля Вольга Гарбунова была прадстаўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях. Днямі стала вядома, што яшчэ 2 жніўня яна пайшла з гэтай пасады ў адстаўку. Пасля таго ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» яна выказалася пра апошнія памілаванні, указы пра якія падпісаў Лукашэнка:

«Былі рэпрэсіі, рэпрэсіі, рэпрэсіі, потым такое плато, і раптам людзі пачалі выходзіць. Я лічу, што гэта імкненне да гуманнасці, гэта спроба выкарыстаць інструменты, якія могуць дапамагчы людзям выйсці, а не паміраць у калоніях. Калі б стала пытанне, звязанае з падзякай, то я праўда вельмі ўдзячная, што была абраная менавіта такая стратэгія, а не згнаіць людзей за кратамі».

Гарбунова: «А Паліна Шарэнда-Панасюк? Дзеля чаго гэтая барацьба? Яна бессэнсоўная»

Гарбунова: «Не мужчынам, якія з'ехалі ў 2020-м, расказваць мне пра рэпрэсіі і катаванні»

Вольга Гарбунова пакінула пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета

Вольга Гарбунова назвала вызваленне палітвязняў «вельмі важным крокам гуманнасці»

Nashaniva.com