Ізраільскі бізнэсмен пайшоў на кантакты з іранскай разведкай дзеля беларускай жонкі

У ноч на пятніцу ізраільскі тэлеканал «Кан» апублікаваў дэталі крымінальнай справы супраць грамадзяніна Ізраіля Моці Мамана, якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве з іранскай разведкай. Той свае дзеянні тлумачыць сярод іншага дарагоўляй утрымання жонкі з Беларусі.

20.09.2024 / 17:22

Моці Маман. Фота: Dudu Greenspan/Flash90

73-гадовы бізнэсмен, які жыве ў горадзе Ашкелон на поўдні Ізраіля, патлумачыў свае перамовы з іранцамі грашовай патрэбай — у прыватнасці, ён сказаў, што яму «дорага абыходзіцца ўтрыманне жонкі з Беларусі».

«У мяне жонка з Беларусі, яе дорага ўтрымліваць. Калі б я жыў у Беларусі, там усё танна, а тут нават выйсці выпіць піва каштуе 120 шэкеляў (30 даляраў). Мне патрэбныя былі грошы, і грошы мяне засляпілі», — цытуе тэлеканал «Кан» сведчанні абвінавачанага падчас допыту ў паліцыі.

Маман таксама расказаў, што іранцы не мелі надзеі забіць прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху ці каго-небудзь з міністраў, разумеючы, што іх моцна ахоўваюць, але спрабавалі даведацца, ці можа Маман закласці бомбу, напрыклад, у аўтамабіль мэра горада Нагарыя (раней Маман вёў бізнэс у гэтым горадзе і, як падазраюць, быў звязаны з мясцовым крыміналітэтам).

«Іранец спытаў у мяне, ці знаёмы я з мэрам Нагарыі і ці гатовы я прывесці ў дзеянне бомбу, ад якой ён узляціць у паветра. Яны хацелі чаго-небудзь вялікага і гучнага, каб пра гэта гаварылі», — прызнаўся бізнэсовец.

«Беларуская жонка», пра якую гаварыў Маман, таксама была дапытаная службай бяспекі Ізраіля ШАБАК. Яна прызналася, што ведала пра паездкі мужа ў Іран і хвалявалася наконт гэтага, а таксама паведаміла, што Маман пытаўся ў яе, ці пускаюць у Беларусь іранскіх грамадзян.

Ёсць у арсенале Моці Мамана і іншыя апраўдальныя версіі. Так, ён сцвярджае, што нібыта наўмысна ўступіў у кантакт з Іранам, каб пазней здаць вярбоўшчыка. Таксама ён казаў, што яму як бізнэсмену ў Іране прапанавалі гандляваць спецыямі, таму ён і паехаў туды на перамовы.

У той жа час адвакат ізраільцяніна гаворыць пра тое, што кантакты Мамана з Іранам нібыта маглі быць узгодненыя з ізраільскімі спецслужбамі:

«На службе ў сілавых структурах ён праслужыў дваццаць гадоў. Ён дапамагаў ім у атрыманні разведданых і інфармацыі. У якасці памочніка ён шмат гадоў знаходзіўся ў Турцыі і працаваў на іх. Службы бяспекі цалкам адракаюцца ад яго».

Буйное ізраільскае выданне абыграла прозвішча Салаўёва на іўрыце. Атрымаўся жорсткі рускі мат

Ізраіль стаў бамбіць паўднёвы Ліван

Як Ізраіль стварыў сучаснага «траянскага каня» для «Хезбалы» — цікавыя дэталі аперацыі з пэйджарамі

Аперацыя з пэйджарамі была праведзеная раней, бо «Хезбала» западозрыла нешта нядобрае

Nashaniva.com