Самалёт, які ляцеў з Осла ў Малагу, вымушана сеў у Даніі з-за мышы

Авіякампанія Scandinavian Airlines (SAS) у пятніцу, 20 верасня, выпусціла заяву аб здарэнні ў мінулую сераду інцыдэнце з мышшу ў самалёце, які ляцеў са сталіцы Нарвегіі Осла ў Малагу ў Іспаніі, піша Радыё Свабода.

21.09.2024 / 08:10

Пілоты былі вымушаныя здзейсніць тэрміновую пасадку ў Капенгагене. Змяненне маршруту было праведзена па штатнай працэдуры, бо мыш несла пагрозу бяспецы палёту. У Капенгагене пасажырам прапанавалі перасесці на іншы самалёт, які і даставіў іх у Малагу.

Правіламі эксплуатацыі самалётаў прадугледжаны строгія абмежаванні ў дачыненні да грызуноў на борце, каб прадухіліць перагрызанне электраправодкі. Па словах прадстаўніка кампаніі SAS, такое здараецца вельмі рэдка.

Пасажыр авіярэйса Осла — Малага Ярле Барэстад стаў сведкам інцыдэнту і распавёў каналу BBC News, што мыш збегла са скрынкі з ежай, якую адкрыла жанчына, якая сядзела побач.

Па словах Барэстада, сітуацыя была спакойнай, ніхто не выяўляў спалоху ці стрэсу. Аднак сам Ярле прызнаў, што надзеў шкарпэткі па-над штанамі, каб мыш не пранікла пад вопратку.

Гэта другі падобны інцыдэнт за мінулы тыдзень, паведамляе Бі-бі-сі. На днях рух цягнікоў на поўдні Англіі быў спынены на кароткі час, каб высадзіць з пасажырскага вагона двух вавёрак, гэта запатрабавала «асаблівых высілкаў».

Nashaniva.com