Расіяне ўдарылі па Крывым Рогу: загінулі тры чалавекі, у тым ліку дзіця 

Таксама параненыя двое мужчын і хлопец.

21.09.2024 / 09:23

Фота: Днепрапятроўская АВА

«Зноў страшная варожая атака на Крывы Рог. Сярод ночы, калі горад спаў. Цяпер ужо вядома пра 3 загінулых, сярод якіх — дзіця. Глыбокія спачуванні родным … ёсць і параненыя. Пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы. Больш падрабязнасцяў пасля», — расказаў кіраўнік вайсковай адміністрацыі Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак. 

Ён дадаў, што пацярпелі мужчыны ва ўзросце 31 і 50 гадоў і 17-гадовы хлопец. Пацярпелых шпіталізавалі, іх стан сярэдняй цяжкасці.

Чыноўнік пасля ўдакладніў, што ў выніку ўдару загарэліся два прыватныя дамы, пажары ўжо патушылі. Акрамя таго, больш за 20 дамоў пашкоджаныя, яшчэ 2 — разбураныя. Пашкоджаны будынак школы, гараж і аўто. 

Расіяне таксама абстралялі Днепр і Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці.

«Дняпро. Паводле ўдакладненай інфармацыі, пашкоджаны таксама 6-павярховы навучальны корпус, там выбітыя вокны. А яшчэ знявечаныя 3 шматпавярхоўкі і 72 аўто», — адзначыў ён.

Нікапальшчыну акупанты пачалі атакаваць з вечара 20 верасня, — ужывалі дроны і артылерыю.

«Пацярпелі Нікапаль, Пакроўская і Міроўская абшчыны. Параненая 38-гадовая жанчына. Яна ў бальніцы ў стане сярэдняй цяжкасці», — падкрэсліў чыноўнік.

Nashaniva.com