Беларускіх школьнікаў будуць адукоўваць наконт выбараў
Цэнтральная выбарчая камісія сумесна з Міністэрствам адукацыі падрыхтавала адпаведны метадычны дапаможнік, піша Smartpress.by.
21.09.2024 / 10:54
Па словах старшыні ЦВК Ігара Карпенкі, ужо выдадзена серыя кніг і брашур, прысвечаных выбарам.
У размове з журналістамі ў пятніцу Карпенка, адзначыў: для таго, каб «павысіць давер выбаршчыкаў да выбарчай сістэмы, умацаваць гэты давер, трэба працаваць з моладдзю».
«Навучаючыся ў школе, у 13-14 гадоў многія з падлеткаў толкам не ведаюць, што такое выбары і для чаго яны праводзяцца. У сувязі з гэтым мы сумесна з Міністэрствам адукацыі запускаем новы праект літаральна з восені гэтага года ва ўсіх школах краіны», — сказаў ён.
Гэта інфармацыйны праект па асвеце школьнікаў. «Калі яны будуць упершыню галасаваць, яны павінны свядома пайсці на выбарчыя ўчасткі, разумеючы, што гэта за працэс. Вось такі доўгатэрміновы праект мы запускаем. І ён выклікаў пэўную цікавасць у нашых калег з краін СНД», — дадаў кіраўнік ЦВК.