«Усе бачылі, што яму падабаецца Наташа, і думалі: «Ну калі вы ўжо?!» Былы палітвязень Лукша расказаў пра свае адносіны з Эйсмантамі
У новым выпуску ТОКу былы вядучы «Зоны Х» і былы палітзняволены Дзмітрый Лукша разважае пра тое, як змяніліся кіраўнік БТ і прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі. І ці могуць яны ў глыбіні душы заставацца добрымі людзьмі.
22.09.2024 / 09:19
Іван і Наталля Эйсманты. Скрыншот з відэа «Беларусь 1»
«Ён не быў ніколі «Іван Эйсмант». Ён быў Ваня ў добрым разуменні. Просты, добры хлопец», — згадвае Дзмітрый Лукша.
«Нават цяпер калі я ўбачу яго ў Мінску ці я буду сядзець за сталом з сябрамі, а ён падыдзе і скажа «Прывет, Дзіма», я скажу «Вітаю, прысаджвайся» і пацісну руку. Ён у мяне ў памяці застаўся добрым чалавекам», — апісвае ўяўную сітуацыю былы вядучы «Зоны Х».
Лукша дапускае магчымасць таго, што Іван Эйсмант цяпер змяніўся. Але пры гэтым заўважае, што калі на Валадарцы знаёміўся са сваёй крымінальнай справай, там сярод розных дакументаў была характарыстыка з Белтэлерадыёкампаніі:
«У мяне была нармальная характарыстыка. Ваня даў мне характарыстыку па факце. (…) Не было ніякай чарнухі, нейкіх нагавораў».
Наколькі паспрыяла кар'еры Івана Эйсманта яго жонка
Згадваючы пра кар'еру Івана Эйсманта, Лукша заўважае, што гэта быў вельмі хуткі ўзлёт. «[Спачатку] ён ішоў вельмі плаўна, як стандартны журналіст. А потым рэзка становіцца намеснікам дырэктара Агенцтва тэлевізійных навінаў, потым узначальвае АТН, потым [ён] намеснік старшыні і старшыня [Белтэлерадыёкампаніі]. Гэта вельмі круты рост».
Лукша не выключае ўплыву на хуткі кар'ерны рост жонкі Івана Эйсманта Наталлі.
«Я думаю, Наталля Эйсмант безумоўна адыграла сваю ролю. Магчыма, гэта не было так, што яна гаварыла «Вось добра было б майго мужа….» Гэта проста прыгожа з пункту гледжання нейкага піяру палітычнага, сацыяльнага, што кіраўнік БТ і прэс-сакратарка прэзідэнта — муж і жонка. Гэта цікава нават простаму абывацелю. Гэта прыгожа глядзіцца, такая прыгожая вокладка».
Не выключае Лукша і іншыя варыянт. «Магчыма, нехта падгледзеў: «Глядзіце, у нас ёсць добры хлопец, на антрэсолях недзе ляжыць. Можа, яго можна трохі вышэй? Вы ж ведаеце, хто ў яго жонка, з кім яна працуе?» — разважае ён.
Дапускае былы тэлевядучы і імавернасць таго, што інтарэсы брата магла пралабіраваць яго сястра Ганна Эйсмант, якую ён характарызуе як «вядомую, сур'ёзную» асобу на БТ.
Дзмітрый Лукша. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube
Пра Наталлю Эйсмант
Дзмітрый Лукша згадвае, што працаваў з Наталляй Эйсмант, калі толькі прыйшоў на тэлебачанне. «Яна ў маёй памяці засталася як Наташа, таксама як Іван Эйсмант — Ванем», — заўважае ён.
Былы палітвязень згадвае, што калісьці працаваў у аддзеле культуры, які размяшчаўся ў адным кабінеце з аддзелам рэгіёнаў, дзе Наталля Эйсмант была вядучай.
«Яна была вясёлая. Яе ўсе называлі «шумная». Калі яна прыходзіла, усе ведалі, што Наташа прыйшла. … У яе заўсёды была нейкая гісторыя. Яна прыходзіць — і ўвесь сёмы паверх чуе, што сёння белы кот у чорныя плямы перабег ёй дарогу. І яна гэта расказвала так смачна! (…) У яе харызма».
Па словах Лукшы, калі Наталля пачала весці праграму «Галоўны эфір», яна трохі змянілася, у яе з'явілася субардынацыя. «Яна ўжо была больш блізкая да небажыхароў БТ».
Пра шлюб Івана і Наталлі Эйсмантаў
Дзмітрый Лукша называе хлуснёй размовы пра тое, што шлюб Івана і Наталлі Эйсмантаў быў па разліку.
«Я бачыў, як у іх развіваўся гэты раман, якім сарамлівым быў Ваня. Усе бачылі, што яму падабаецца Наташа. І якая баявая Наташа была! І ўсе думалі: «Ну калі ж вы ўжо?!» І калі яны пачалі сустракацца, гэта было міла. Было відаць, што гэта шчыра. (…) Гэта было прыгожа», — згадвае Лукша.
Лукша адзначае, што сям'я Эйсмантаў у яго памяці па стане на 2010—2015 гады засталася як простыя людзі. Але адзначае, што рэзкі кар'ерны ўзлёт і зорнасць, якую пабачылі самі Эйсманты, іх сапсавалі. Потым я некаторыя моманты гляджу і думаю: «Гэта Наташа? Гэта наша Наташа?!» [Хоць,] магчыма, яны цяпер на мяне глядзелі і [думалі]: «Гэта наш Дзіма? Які дрэнны хлопец!»
«Я вельмі хачу верыць, што ў глыбіні душы яны засталіся такімі, як я іх памятаю. Мне вельмі хочацца верыць, бо, як я гэта называю, заводскія настройкі ў іх добрыя былі. Не былі яны кепскімі людзьмі. Не было ў іх нейкай подласці, паскудства»,
— падкрэслівае Дзмітрый Лукша.
***
Дзмітрый Лукша нарадзіўся ў 1989 годзе. У канцы 2000-х і першай палове 2010-х працаваў на БТ, быў вядучым «Зоны Х».
У 2020 здымаў пратэсты для казахстанскага тэлеканала «Хабар». У 2022 быў арыштаваны і прысуджаны да 4 гадоў зняволення за ўдзел у дэманстрацыях і «дыскрэдытацыю Беларусі». Разам з ім была асуджаная яго жонка Паліна Палавінка. Адбываў пакаранне ў калоніі ў Шклове.
Вызваліўся 3 ліпеня 2024 года па памілаванні адначасова з жонкай, пасля чаго сям’я з’ехала ў Польшчу.
Глядзіце цалкам:
Якімі кватэрамі і аўтамабілямі валодае сям'я Эйсмантаў?
Івана Эйсманта прызналі найлепшым тэлевядучым Беларусі
Сакрэты поспеху Наталлі Эйсмант: як былая актрыса стала найбліжэйшым чалавекам Лукашэнкі
Былы вядучы «Зоны Х» палітвязень Дзмітрый Лукша выйшаў на свабоду па памілаванні