У Віцебску за «садзейнічанне экстрэмізму» будуць судзіць жанчыну з першай групай інваліднасці

Падчас мірных шэсцяў у Віцебску яна перамяшчалася на інвалідным вазку, бо ёй цяжка хадзіць.

21.09.2024 / 13:31

9 кастрычніка Віцебскі абласны суд пачне разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Валянціны Крыштопенкі. Жанчыне інкрымінавана ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу прызначана разглядаць Галіна Бондал, піша «Вясна».

Валянціна мае інваліднасць І групы, жыве з пенсіі. Пасля выбараў яе неаднаразова штрафавалі па палітычных адміністрацыйных артыкулах. Так, у 2021 годзе жанчыну аштрафавалі на 1160 рублёў за фотаздымак з цытатай з Бібліі «Калі ўладарыць бязбожнік — народ стогне». Гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваннем».

Падчас мірных шэсцяў у Віцебску Валянціна перамяшчалася на інвалідным вазку, бо ёй цяжка хадзіць.

Nashaniva.com