Зачынены ўніверсітэт у цэнтры Мінска выставілі на продаж. Кошт уражвае

Права тут больш не выкладаюць.

21.09.2024 / 14:03

У Мінску на аўкцыён выставілі на продаж адну з найстарэйшых прыватных вну. Гэта «БІП — Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій», піша Blizko.by.

Гаворка ідзе пра будынак у гістарычным цэнтры Менска, на вуліцы Замкавай, 33.

Агульная плошча будынка — 817 квадратных метраў.

Стартавая цана вызначана ў памеры 870.000 даляраў, крок аўкцыёну — 43.500 даляраў. Таксама пакупнік павінен аплаціць узнагароджанне арганізатару таргоў у памеры 2% ад кошту лота і 400 рублёў выдаткаў.

Такім чынам, выніковая сума складзе для пакупніка прыкладна 931.895 даляраў.

«БІП-Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій» зачыніўся з 30 жніўня гэтага года, пра што стала вядома толькі ў сярэдзіне чэрвеня. Студэнтаў, а таксама грамадзян, якія навучаюцца па праграмах дадатковай адукацыі, плануецца перавесці ў іншыя ўстановы, якія рэалізуюць адпаведныя адукацыйныя праграмы. Таргі адбудуцца 8 кастрычніка.

Nashaniva.com