Украінскі Генштаб пацвердзіў паражэнне двух важных расійскіх вайсковых арсеналаў
Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны пацвердзіў, што УСУ ўдалося нанесці паспяховыя ўдары па двух вайсковых арсеналах Узброеных сіл РФ.
21.09.2024 / 17:17
Як адзначаецца, сёння, 21 верасня, ноччу было нанесена агнявое паражэнне па арсенале «Ціхарэцк», размешчаным у Краснадарскім краі РФ.
«Гэты аб'ект уваходзіць у тройку найбуйнейшых баз захоўвання боепрыпасаў акупантаў і з'яўляецца адным з ключавых элементаў у лагістычнай сістэме расійскіх войскаў.
Па наяўнай інфармацыі, на момант удару на тэрыторыі арсенала знаходзіўся чарговы эшалон, які даставіў як мінімум 2 тысячы тон боепрыпасаў, у тым ліку з КНДР. Таксама была атакаваная радыёлакацыйная станцыя «Падлёт», якая выяўляла паветраныя цэлі ў кірунку арсенала», — паведамляе ўкраінскі Генштаб.
Акрамя таго, як адзначаецца, Служба бяспекі Украіны нанесла ўдар па 23-м арсенале Галоўнага артылерыйскага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ паблізу населенага пункта Акцябрскі ў Цвярской вобласці.
«Зафіксаваныя пажар і дэтанацыя ў раёнах абодвух вайсковых арсеналаў. Задачы былі паспяхова выкананыя ў супрацоўніцтве падраздзяленняў сіл абароны: Сіл беспілотных сістэм, Сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны, Службы бяспекі Украіны і іншых», — заяўляе Генштаб.
Украінскія беспілотнікі відовішчна знішчылі яшчэ два склады з боепрыпасамі ў Расіі
Выбух гіганцкага склада боепрыпасаў у Цвярской вобласці: што вядома на гэты момант
З'явіліся спадарожнікавыя ФОТЫ наступстваў украінскага ўдару па складзе боепрыпасаў у Таропцы